Уладзімір Самсонаў выйграў Zagreb Open па настольным тэнісе
Беларус Уладзімір Самсонаў стаў пераможцам адкрытага чэмпіянату Заграбу па настольным тэнісе.
У вырашальным паядынку адзіночнага разраду спаборніцтваў у харвацкай сталіцы беларус перамог харвата Франэ Коіцэ з лікам 3:1. У паўфінале Уладзімір Самсонаў абыграў яшчэ аднаго харвацкага спартоўца Таміслава Каларэка з вынікам 3:0. Беларускі майстар малой ракеткі пяты раз выйграў гэтыя спаборніцтвы. Турнір у Заграбе стаў адным з першых у настольным тэнісе пасля каронавіруснай паўзы.
Матч Грузія – Беларусь у Тбілісі пройдзе пры пустых трыбунах
8 кастрычніка ў Тбілісі на 55-тысячным стадыёне імя Барыса Пайчадзе пройдзе матч плэй-оф футбольнага Еўра-2020 паміж зборнымі Грузіі і Беларусі. Па інфармацыі „Прэсбола”, атрыманай з грузінскіх крыніц, сустрэчу вырашана праводзіць пры пустых трыбунах.
Максім Шыла ў складзе „Дардоя” стаў чэмпіёнам Кыргызстана
27-гадовы беларускі паўабаронца Максім Шыла за тур да фінішу, стаў чэмпіёнам Кыргызстана ў складзе бішкекскага „Дардоя”. У матчы з галоўным канкурэнтам за тытул „Алгой” з Бішкека яго каманда перамагла з лікам 5:1, а беларус аформіў дубль. Шыла з’яўляецца віцэ-капітанам 12-разовага чэмпіёна Кыргызстана.
Леброн Джэймс выйшаў на другое месца ў гісторыі НБА па колькасці перадач у плэй-оф
Форвард „Лэйкерз” Леброн Джэймс у трэцім матчы серыі фіналу плэй-оф НБА з „Маямі” (104:115) набраў 25 ачкоў, зрабіў 10 падбораў, 8 перадач і 2 блок-шоты. Джэймс выйшаў на другое месца ў гісторыі НБА па колькасці перадач у плэй-оф (1842), ён абышоў Джона Стоктана (1839). Лідарам застаецца Мэджык Джонсан – 2346. Акрамя таго, Леброн падняўся на другое месца па рэалізаваных кідках з гульні ў фінальных серыях. У актыве Джэймса 545 трапленняў, што дазволіла перасягнуць Карыма Абдул-Джаббар (544) і наблізіцца да лідара Джэры Уэста (612).
Пяць выпадкаў каронавіруса выяўлена ў ХК „Дынама-Мінск”
У пяці хакеістаў менскага „Дынама” тэст на каронавірус даў станоўчы вынік. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце „зуброў”. Раней паведамлялася, што пасля прылёту ў Рыгу на матч рэгулярнага чэмпіянату КХЛ з мясцовым „Дынама” ў камандзе была выяўлена ўспышка каронавіруса.
„У большай часткі каманды тэставанне паказала адмоўны вынік, а ў пяці чалавек дало станоўчую рэакцыю – яны ўжо ізаляваныя. Лекарамі каманды вядзецца маніторынг стану здароўя гульцоў, трэнераў і адміністрацыйнага персаналу. Іх чакае дадатковае тэставанне”, – гаворыцца ў паведамленні «Дынама».
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: bttf.by