Літва і Польшча адклікаюць сваіх паслоў з Менска для кансультацый



Літва і Польшча адклікаюць сваіх паслоў з Менска для кансультацый. Такім чынам, Вільня і Варшава выканалі патрабаванне Менска, які раней адклікаў паслоў з гэтых краін. З паведамлення МЗС Літвы вынікае, што рашэнне прынятае па выніках „інтэнсіўных кансультацый” з калегамі па Еўразвязе, падчас якіх абмяркоўвалася патрабаванне афіцыйнага Менска скараціць штат паслоў Літвы і Польшчы для ўстанаўлення парытэту з колькасцю беларускіх дыппрадстаўніцтваў у гэтых краінах.

Кіраўнік літоўскага знешнепалітычнага ведамства Лінас Лінкявічус правёў перамовы з вярхоўным прадстаўніком ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпам Барэлем, міністрамі замежных спраў Польшчы Збігневам Рау і Германіі Хайка Маасам. Сітуацыю абмеркавалі таксама паслы краін ЕЗ у Менску.

Паводле слоў Лінкявічуса, галоўная мэта — максімальна захаваць дыпламатычныя кантакты; адкліканне паслоў для кансультацый разглядаецца як магчымасць знізіць напружанасць і захаваць узаемнае дыпламатычнае прадстаўніцтва на ўзроўні паслоў.

Міністр паведаміў, што дамоўленасць захаваць штат пасольстваў пакуль не дасягнутая, але, калі Беларусь працягне настойваць на выкананні свайго патрабавання, будуць прынятыя „люстраныя” меры.

Літва працягвае каардынаваць свае дзеянні з Польшчай і іншымі краінамі ЕС, адзначаецца ў паведамленні МЗС.

Пасля пастановы Еўрасаюза ўвесці санкцыі ў дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб Мінск адклікаў сваіх паслоў у Вільнюсе і Варшаве „для кансультацый” і прапанаваў Літве і Польшчы зрабіць аналагічны крок, а таксама скараціць колькасць дыпламатаў у сваіх пасольствах — адпаведна з 25 да 14 і з 50 да 18, каб „прывесці да парытэту” штат дыппрадстаўніцтваў з беларускімі замежнымі ўстановамі ў гэтых краінах.

Літва і Польшча заявілі, што не плануюць адклікаць паслоў і скарачаць дыпламатычную прысутнасць.

У адказ на гэта прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз папярэдзіў, што прапанова адклікаць паслоў і скараціць штат дыппрадстаўніцтваў абавязковая да выканання.

Жазэп Барэль заявіў, што патрабаванне беларускіх уладаў „беспадстаўнае і вартае шкадавання”. На яго думку, „гэта ідзе насуперак з логікай дыялогу і прывядзе да далейшай ізаляцыі ўладаў у Мінску”. „Спробы беларускіх уладаў атакаваць пэўныя дзяржавы — члены ЕС не прывядуць да аслаблення адзінства Еўрасаюза”, — гаворыцца ў заяве Барэля.

Лінкявічус у тэлефоннай размове з Барэлем падзякаваў за салідарнасць у дачыненні да „апошніх адчайных патрабаванняў адыходзячых уладаў аб значным скарачэнні дыпламатычнага персаналу ў Беларусі”.

belapan.by

Фота: stopopp.com