Салігорскага шахцёра Юрыя Корзуна арыштавалі на 15 сутак



 Члена страйкавага камітэта ААТ „Беларуськалій” Юрыя Корзуна асудзілі на 15 сутак арышту, паведаміў тэлеграм-канал страйкама.

Ён пакараны за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве 3 кастрычніка. Як паведамляе страйкам, паводле папярэдняй інфармацыі, у той дзень падчас мірнай акцыі ў парку ў Салігорску „былі жорстка затрыманыя прыблізна 20 чалавек, якія адпачывалі, гулялі з дзецьмі па парку”. У ліку затрыманых быў Юрый Корзун, экс-гулец валейбольнай зборнай Беларусі Сяргей Тарас, члены страйкавага камітэта, журналіст. Большасць затрыманых пакараныя штрафам альбо арыштам.

10 верасня пасля заканчэння працоўнай змены машыніст горнавыемачных машын першага рудаўпраўлення „Беларуськалія” Юрый Корзун правёў на глыбіні 305 метраў адзіночную акцыю пратэсту. Ён прыкаваў сябе наручнікамі і трохметровым ланцугом да абсталявання шахты і адмовіўся выходзіць на паверхню, пакуль не будуць выкананыя яго патрабаванні. Сярод іх: адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, неадкладнае спыненне фізічнай расправы над пратэстоўцамі, выкрадання грамадзян невядомымі, запалохвання і звальнення працоўных, неадкладнае вызваленне ўзятых пад арышт прадстаўнікоў страйкавага камітэта. Аб сваіх патрабаваннях гарняк пісьмова праінфармаваў кіраўніцтва „Беларуськалія”.

Прыкладна праз тры гадзіны пасля пачатку акцыі Корзуна паднялі з шахты на паверхню. Наручнікі і ланцуг былі разрэзаныя спецыяльным абсталяваннем. На машыне хуткай дапамогі шахцёр быў дастаўлены ў Салігорскую цэнтральную раённую бальніцу, дзе яго абследавалі. Са здароўем аказалася ўсё ў парадку.

У гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН пасля сваёй акцыі Корзун выказаў меркаванне, што дыялог паміж уладай і народам магчымы толькі пад націскам працоўных калектываў. „17—18 жніўня, калі працоўныя калектывы выйшлі і паказалі, што яны супраць, спыніўся практычна ўвесь гвалт у краіне. Потым, калі ўсе вярнуліся да станкоў, гвалт зноў стаў вяртацца. Вядома, людзей, напэўна, ужо не калечаць, не гвалцяць дубінкамі, не забіваюць. Тым не менш затрыманняў і асуджаных вельмі шмат. Усё працягваецца. Я лічу, што выраўнаваць сітуацыю і прывесці яе да дыялогу паміж уладай і народам могуць толькі рабочыя калектывы”, — сказаў шахцёр.

belapan.by