Пра кыргызаў і беларусаў



Хуткая і гвалтоўная рэвалюцыя ў Бішкеку, якая адбылася літаральна за адну ноч, з’яўляецца поўнай супрацьлегласцю двухмесяцоваму мірнаму супрацьстаянню беларусаў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Кыргызы, абурыўшыся вынікамі парламенцкіх выбараў, калі, паводле афіцыйных пратаколаў, у склад новага заканадаўчага органу ўвайшлі чатыры праўрадавыя партыі, а апазіцыйныя не змаглі пераадолець 7%-ы бар’ер, выйшлі на вуліцы. Калі органы правапарадку паспрабавалі ўжыць у дачыненні да дэманстрантаў светлашумавыя гранаты і вадамёты, натоўп проста разагнаў сілавікоў. Многія з іх адразу перайшлі на бок пратэстоўцаў. У наступныя гадзіны былі штурмам узятыя рэзідэнцыя прэзідэнта і парламент, прызначаныя камендант Бішкека і выконваючы абавязкі генпракурора, які адразу скасаваў вынікі выбараў. Такое нечаканае развіццё падзей у гэтай цэнтральнаазіяцкай рэспубліцы адразу спарадзіла мноства спекуляцый на тэму неэфектыўнасці беларускага пратэсту як выніку нерашучых дзеянняў прыхільнікаў пераменаў.

Адразу зазначым, што пры ўсім вонкавым падабенстве сітуацый (пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў і функцыянаванне постсавецкіх аўтакратый) ставіць на адну палічку гэтыя два выпадкі ўсё ж не варта. У выпадку Беларусі мы маем справу з персаналісцкім аўтарытарным рэжымам, які існуе 26 гадоў. Адпаведна, у нашай дзяржаве сфармавалася праслойка грамадзянаў, якім жыццёва важна захаваць за сабой статус-кво па прычыне таго, што ў іх руках засяроджаныя практычна ўсе рэсурсы краіны. Акрамя гэтага, улады Беларусі за ўвесь час свайго існавання ўмацоўвалі сілавую кампаненту рэжыму, не шкадавалі грошай на набыццё навінак для падаўлення масавых пратэстаў, у чым можна пераканацца, праглядзеўшы тэхніку на вуліцах Менска за апошнія два месяцы.

У адрозненне ад Кыргызстана, дзе назіраюцца выразныя рэгіянальныя асаблівасці, дзе функцыянуе тыповая для Сярэдняй Азіі кланавая сістэма, у Беларусі да нядаўняга часу не было альтэрнатыўных цэнтраў улады, якія маглі б хутка мабілізаваць сваіх прыхільнікаў. Аднак безумоўным пазітывам двух месяцаў мірнага супрацьстаяння ў Беларусі стала з’яўленне сучаснай беларускай палітычнай нацыі, авангард якой кожныя выходныя казыча нервы кіраўніцтву краіны. Масавасць і сістэмнасць пратэстаў у Беларусі — прыкмета таго, што ў нашым грамадстве адбываюцца фундаментальныя і незваротныя перамены. Незалежна ад таго, чым скончыцца змаганне цяпер, няма сумневу, што лёс цяперашняга рэжыму незайздросны. Уся вертыкаль улады і сілавы апарат у дадзены момант працуюць у рэжыме застрашвання апанентаў, на што ідуць шалёныя сродкі. У перспектыве бліжэйшых месяцаў, калі ўлады будуць працягваць дзейнічаць супраць беларускага народа ў сваім жа стылі, нас чакае спачатку калапс бюракратычнага апарату, а потым і поўная дэмаралізацыя сілавікоў. Працяг мірных пратэстаў, нягледзячы на эмацыйную стомленасць і рызыкі для ўдзельнікаў, азначае магчымасць для правядзення “круглага стала” і адносна бесперашкоднай пабудовы ўстойлівай дэмакратыі. І, наадварот, гвалтоўны сцэнар перамены ўлады правакуе ўмяшальніцтва знешніх фактараў ва ўнутраныя справы краіны і можа прывесці да тэрытарыяльных стратаў, як было ў выпадку з пострэвалюцыйнай Украінай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ