“Для нас важней за ўсё, каб нам ніхто ня накладаў свае волі…”
Жалобны дзень у гісторыі нашай краіны – 7 кастрычніка 1939 года без суда і следства забілі Рамана Скірмунта (1868-1939). Працяглы час лічылася, што злачынства па сваёй ініцыятыве здзейснілі тры мясцовыя прыхільнікі бальшавікоў з вёскі Парэчча (Пінскі раён), каб такім чынам паказаць лаяльнасць новай уладзе.
Цяпер вядома, што ўсё ж загад “зверху” меў месца, як мінімум на арышт. Раніцай 6 кастрычніка Рамана Скірмунта ды мужа ягонай сястры Баляслава схапілі і памясцілі ў карцар былой управы гміны, якая стала сядзібай вясковага Камітэта. На наступны дзень іх нібы павезлі на допыт у Пінск, але ў некалькіх кіламетрах ад Парэчча растралялі, а целы прыкапалі. Зрабілі чорную справу – Юстын Ткачук, Пархiмчук (мянушка Салавей) ды Iван Лешчук.
Скірмунт стаяў ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, аказваў падтрымку беларускамоўным выданням і нацыянальным арганізацыям. Ён узначаліў першы беларускі палітычны прадстаўнічы орган – Нацыянальны камітэт, які заявіў пра намер беларусаў мець сваю дзяржаўнасць. Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі ды актыўна ў 1918-1919 гадах прадстаўляў інтарэсы Беларусі ва Украіне, Польшчы ды Нямеччыне.
Раман Скірмунт. Першы здымак з агітацыйнай улёткі 1906 года, калі Скірмунт балатаваўся ў І Дзяржаўную Думу Расейскай Імперыі, а другі датаваны пачаткам ХХ стагоддзя.
Беларускае Радыё Рацыя не аднойчы распавядала пра гэтую знакавую постаць нашай гісторрыі. У матэрыялах: “ТОП-10 выказванняў слыннага беларуса”, “За год да абвяшчэння БНР”, “Як адбывалася вяртанне імя прэм’ера БНР” ды “Раман Скірмунт. 80-я гадавіна забойства” можна больш даведацца пра жыццё і дзейнасць Скірмунта.
Сёння, у гонар светлай памяці патрыёта свайго краю, хацелася б прыгадаць два гістарычныя дакументы, якія вельмі добра раскрываюць постаць слыннага беларуса. Гэта ўспамін каталіцкага святара, грамадскага дзеяча і публіцыста Вінцэнта Гадлеўскага. Таксама арыкул з газеты “Вольная Беларусь” за 28 жніўня 1917 года. Матэрыял падпісаны “І. Рамановіч”, але доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Смалянчук мяркуе, што аўтарства належыць Скірмунту.
(…) Роля Скірмунта ў беларускім палітычным жыцьці пачынаецца ад расейскай рэвалюцыі, г. зн. ад лютага месяца 1917 г. Да гэтага часу быў ён ведамы як краёвец, каторы хацеў стварыць супрацоўніцтва народаў, якія знаходзіліся даўней у граніцах Вялікага Княства Літоўскага, і яшчэ ў 1906–1909 гг. многа працаваў над польска-беларускім збліжэньнем. Чалавек, бясспрэчна, зь вялікай духовай культурай, шырокім сьветаглядам і высокай асьветай, Скірмунт належыў у тыя часы да групы тых рэдкіх абшарнікаў на Беларусі, для каторых беларускі селянін быў бліжэйшы за селяніна, а нават шляхціца з этнаграфічнай Польшчы і каторыя пачуваліся да нейкай і маральнай, і фізічнай сувязі з народам беларускім.
Ад 1917 г. Скірмунт становіцца ў рады беларускіх дзеячоў і, хоць буйны землеўласьнік (да яго належыць вялікі двор Парэчча ў Пінскім павеце), стаецца вялікім дэмакратам і нават (шчыра ці няшчыра) беларускім патрыётам. Пры ўсім гэтым ён добра ўладаў беларускай мовай (трохі з палескім акцэнтам: «шо, шчо»), і ягоныя прамовы на беларускіх сабраньнях выдзяляліся і зместам і формай, яны былі заўсёды высока-патрыятычны з беларускага пункту гледжаньня і часам нават проста рэвалюцыйны, што выклікала ў прысутных буру воплескаў. І вось гэты чалавек скорам выбіваецца на чало беларускага руху. Зараз пасьля рэвалюцыі быў скліканы ў Менску зьезд беларускіх дзеячоў, каб выбраць беларускі палітычны цэнтр і каб нарысаваць плян працы на будучыню. Зьезд адбыўся дня 25–26 сакавіка 1917 г., якраз на год прад абвешчаньнем незалежнасьці Беларусі. На гэты зьезд прыехалі бадай усе актыўныя беларускія сілы ня толькі з Беларусі, але з абшару ўсяе даўнейшае Расеі, зь Петраграду, Масквы, Кіева і іншых гарадоў. На зьездзе былі рэпрэзэнтаваны ўсе тагачасныя палітычныя кірункі, пачынаючы ад беларускіх народнікаў, а канчаючы на соціалістах. На гэтым зьездзе доўгі час дыскутавалася пытаньне, каго выбраць на старшыню такое важнае інстытуцыі, як першага Беларускага Нацыянальнага Камітэту, і пасьля доўгіх спрэчак бадай усе дзеячы затрымаліся на асобе Р. Скірмунта, б. дэлегата ад Меншчыны ў 1-ую Дзяржаўную Думу, і ён быў выбраны на старшыню Б. Нац. Камітэту ў Менску.
Раман Скірмунт у атачэнні сялян, вёска Парэчча, сярэдзіна 1930-х гадоў
Чаму не каго іншага выбралі, а Скірмунта? Трэба ведаць, што на пачатку расейскай рэвалюцыі ніхто не спадзяваўся, што яна будзе паглыбляцца штораз далей, аж да камунізму. Людзі думалі, што ўрад князя Львова, а потым Керанскага будуць трывалкімі, што расейскі лібэралізм і дэмократызм, які дайшоў да ўлады будзе дэцыдаваць аб будучым дзяржаўным строю Расеі, што кадэты, а потым і эсэры, якія стаялі на чале ўлады, не аддадуць гэтай улады нікому. А ў гэтых людзей, асабліва ў кадэтаў, асоба Скірмунта, як ведамага палітычнага дзеяча і сябры 1-й Дзяржаўнай Думы, мела свае значэньне. Вось дзеля гэтай прычыны Скірмунт ня толькі быў выбраны на старшыню Бел. Нац. Камітэту, але і пастаўлены на чале дэлегацыі, якая была выбрана ў ліку 7-мі чалавек на гэтым-жа з’ездзе беларускіх дзеячоў, каб перадаць расейскаму ўраду рэзалюцыі і дамаганьні зьезду ў справе школьніцтва, самаўраду і аўтаноміі Беларусі. Скірмунт у той час быў пакліканы як фаховец (“спэц”) ад палітычных і вонкавых спраў (нешта падобнае як Чычэрын у бальшавікоў). І трэба сцвердзіць, што як Чычэрын для бальшавікоў, так і Скірмунт для беларусаў у свой час прынясьлі шмат карысьці і адыйшлі (або былі адсунуты) тагды, калі іх услугі сталіся непатрэбнымі. Пры ўсім гэтым магчыма, што Скірмунт хацеў на беларускай справе зрабіць палітычную кар’еру, бо палітыцы ён быў адданы целам і душою, не шкадаваў для яе ні фізычных, ні маральных трудоў, – урывак з артыкула В.Гадлеўскага “Зь палітычнага жыцьця ў Менску ў 1917–1918 гг.”. Надрукаваны ў 1921 годзе ў газеце “Беларуская Крыніца”.
(…) Можна спадзявацца, што да Устаноўчага Сойму пройдуць у большасьці дэпутаты сацыалістычнага кірунку. Грамада селянскага люду ў Расіі хоць і ні сацыалістычна, але, будучы палітычна ніспелай, цёмнай, беднай і спрагнёнай зямлі, лёгка можна пайсьці ў той бок, адкуль чуецца кліч: “Зямля і воля”. Вось і можна думаць, што Сойм вынясе дужа важнае пастанаўленне: установіць у Расіі дэмакратычную рэспубліку і перадасьць усю зямлю з рук цяперашніх яе ўласьнікаў у казну, або завядзе сацыалізацыю зямлі. Мы павінны заговедзь [загаддзя] разгледзіць, ці будзе гэтая зямельная рэформа карысная для беларускага народу. Вядома, што кожны народ больш за ўсё жадае быць самавітым гаспадарам у сваём краю, і той дзяржаўны лад, які прызнаў бы за Беларусью права на аўтаномію ў яе этнаграфічных (дзе жывуць беларусы) [межах], быў бы для нас найлепшы і карысны. У рэспубліцы дабіцца гэтага лягчэй, чым у манархіі, – значыць, гэты парадак дзяржаўнага ладу ня перэчыць інтарэсам беларускага народу.
Зусім іншая справа – сацыалізацыя зямлі або пераход яе да казны. Ад мамэнту пераходу ўсёй зямлі ў казну, у рукі Ураду – трэ’ думаць, тым самым Урад набірае страшэннай сілы над грамадзянствам гасударства, над яго эканамічным, культурным і нацыанальным развоем. Патрэбна вялікая пэўнасьць, што ўрад, узяўшы ў свае рукі такую ўласьць, будзе заўсёды праўдзівым прадстаўніком інтарэсаў усіх грамадзян гасударства, што ён ня будзе злоўжываць ці махляваць гэтай уласьцю; што ў нас будзе магчымасьць скінуць ці зьмяніць яго, калі ён парушыць правы грамадзян. Нарэсьці, ці патрапяць самі народы ў гасударстві спыніць у сябе і паміж сабою ўсялякія спрэчнасьці ў справе змагання на ніве эканамічнай, нацыанальнай і інш., і ці не створаць яны многа перашкод для Ураду пры выкананні ім сваіх абавязкаў.
Дагэтуль ня маем прыкладу, каб дзе на сьвеці быў такі дзяржаўны лад, які нам бажаецца завесьці. Тым-та самую трываласьць дзяржаўнага ладу ня можна згоры правідзіць і ня можна быць пэўным, што так яно станяцца, як жадаецца. Маемо прыклад на Пранцыі. Пранцузы, адзін з найбольш культурных народаў у Эўропі, посьля вялікай рэвалюцыі ў канцы 18-га веку, два разы порываліся ўстана віцьу сваём гасударстві рэспубліку, і ледзьвя за трэцім разам блізка праз 80 год посьле рэвалюцыі, здолелі умацаваць гэты лад дзяржаўнага кіравання. Ці Расія здолее за адным махам пры сваёй культурнай адсталасьці завесьці гэтакі лад, якога яшчэ нідзе німа (усе ціперашнія рэспублікі буржуазныя), ды яшчэ ў гэткім часе як цяпер – нет ведама. А што будзе, калі уласьць у Расіі захопяць расійскія нацыаналісты?
Парэчча, дарога праз парк, які заклаў Р.Скірмунт
Дагэтуль яшчэ ніводнае культурнае гасударство не адважылась завесьці ў сябе сацыялізацыю зямлі, але можна спадзявацца, што ў тым гасударстві, дзе гэта будзе заведзена, не закасуецца гэта і пры пераходзі ўлады ў рукі рэакцыі, якая рада будзе выкарыстаць пераход зямлі пад загад Ураду як павелічэньне свае ўласці дзеля трымання людзей у кабале і абрусенні [наварота на маскалёў], пераселяючы людзей з аднае акругі ў другую па свайму бажанню. Закліч “Уся зямля для працоўнікаў на зямлі” пры сацыалізацыі зямлі вядзе да роўнага падзелу і спажыткавання на роўных правах усяго зямельнага запасу ў гасударстві паміж усімі ахвотнікамі працаваць сваім рукамі на зямлі. Залежна ад гэтаго, – ад ліку зямлі і працоўнікаў, кожны адтрымае кавалак зямлі, які хто зможа абрабіць сам з сямьёю, але бяз найміта, а можа і меньш таго, калі выявіцца нідахват зямлі. Пры гэтакіх парадках трудна будзе выбіцца каму-небудзь з гурту шэрых земляробаў, пакуль хто сядзіць на зямлі, каторае можа хваціць на пражытак, але ні на значнейшы дастатак. Хто сойдзе з зямлі, дык на яго месца пасадзяць другога, бо зямля ня будзе асобнай уласнасьцю, а гасударсцьвеннаю, значыць з яе будуць карыстаць як з дажывотнай арэнды. Памрэ гаспадар, не ведама, што рабіць удаве з нялетнімі дзецьмі: найміта або парабка ня будзе, бо хто можа працаваць, той і сам возьме зямлі. Воля – вельмі каштоўны набытак, калі народ мае магчымасьць павялічваць свой дастатак. Чалавек тым і розніцца ад безмоўнага стварэння, што ён ніколі не здавальняецца тым, што мае, а пастаянна рупіцца аб тым, каб надбаць сабе як найбольш дабра, патрэбы яго пашыраюцца і праз гэта ён вытварае культурны поступ у грамадзянстві. З часам станяцца, што людзі навучацца шчыра працаваць дзеля агульнай карысьці, на грамаду. Цяпер жа такіх людзей мала і трэба прызнаць, што ў наш час асобісты інтэрэс гэта самая моцная прынука да працы. Праз тое на цэлым сьвеці шануюць уласнасьць, ня гледзячы на тое, што яна часта ідзе побач з крыўдай і паняверкай. Бяз яе людзь загразьлі б у апатыі і, заміж пашырэньня і павялічваньня патрэб, зьменшылі б іх да ліку лёгка дабываных патрэб пражыўлення.
Беларусь – край бедны. Ані нетра яго, ані паверхні пласт зямлі ня славіцца багацьцем. Трэба многа шчырай і разумнай працы, каб мець добры зыск і аплату за працу, а разумная праца вымагае капіталу (грошы). А сушка балотаў, штучныя гноі, гаспадарскія машыны і прылады, заводы фабрыкі і інш. вымагаюць многа грошы і асабістага пачыну (ініцыятывы), а праз гэта нам ня след змагацца з капіталам (у яком сэнсі? – Рэд.), а наадварот ад творчай працы капіталу, мы павінны чакаць эканамічнага (гаспадарнага) росквіту нашага краю, павялічэння ў ём дастатку.
Для нас важней за ўсё, каб нам ніхто ня накладаў свае волі. Беларусь хоча жыць сваёю воляй і сваім разумам. Устаноўчы Сойм павінян даць Беларусі тэрыторыальную аўтаномію з правам увадзіць свае ўласныя распарадкі, згодныя с духам і воляю нашага народу ў поўным закрэсі ўсіх спраў, а ў тым ліку справы зямельнае. Дзеля гэтага нам трэба хутчэй устанавіць Цэнтральную Беларускую Народную Раду як на Украіні і дабівацца асобных выбараў у Сойм, дзе нашы прэдстаўнікі апрацуюць статут нашай аўтаноміі і акрэсьляць граніцы беларускай зямлі, – артыкул “Зямельнае пытанне і дзяржаўны лад” надрукаваны ў жніўні 1917 года ў газеце “Вольная Беларусь”, якая з’ўлялася друкаваным органам Беларускага нацыянальнага камітэта, на чале якога стаяў Раман Скірмунт.
Крыж на магіле Скірмунта, якая знаходзіцца на ўскрайку Парэцкага парку.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя