У Пінску абмежаваны доступ грамадзян у суд



У Пінску абмежаваны доступ грамадзян у суд у адпаведнасці з загадам Вярхоўнага суда. Гэта абумоўлена ростам каронавіруснай інфекцыі. Цяпер трапіць у будынак могуць асобы, якія маюць дачыненне да судовага працэсу без прыкмет захворвання ды толькі пры наяўнасці маскі і пальчатак.

На думку сябра “Руху “За Свабоду”, праваабаронцы Алеся Рамановіча гэта перш за ўсё звязана з тым, каб суды над прыхільнікамі перамен праходзілі пры пустых залах:

– Пускаюць толькі тых людзей, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі працэсу. А калі заяўляеш каго сведкам, яго адразу ў суд не пускаюць, а толькі сакратар ужо выходзіць і запрашае, калі суддзя задавальняе. Каронавірус – гэта толькі падстава, каб людзей туды не пусціць, таму што ў пракуратуру можна заходзіць, у падатковую я таксама заходзіў, там няма такога прапускнога рэжыму. Толькі зараз у судзе і ў міліцыі  такі прапускны рэжым. Прыходзілі людзі і ў пальчатках, і ў масках, але ўсё адно іх не запускалі.

Суразмоўца дадае, што шмат залежыць і ад суддзі, які вядзе працэс. Нехта пускае ў залу па аднаму чалавеку на лаўку, а хтосьці адмаўляе. Разам з тым у загадзе Вярхоўнага суда не вядзецца гаворкі пра поўную забарону.

Беларускае Радыё Рацыя