Агляд прэсы: ці ўсё ў Карабаху паводле пуцінскага плану?
Чаму Расея і Злучаныя Штаты маўчаць пра азербайджана-армянскую вайну? Ці зможа Нобелеўскі камітэт ва ўмовах пандэміі каронавіруса адэкватна ўзнагародзіць навукоўцаў? На гэтыя пытанні адказваюць CNN і Süddeutsche Zeitung. Падрабязнасці свежых артыкулаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.
– Амерыканскі CNN выходзіць пад загалоўкам „Расея — адзіная краіна, здольная спыніць армяна-азербайджанскі канфлікт. Ці зробіць яна гэта?” Нейкі час здавалася, што яны сябры. Былому шпегу КДБ, расейскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну ўдалося вырваць з абдымкаў НАТО аднаго з самых нязручных членаў — турэцкага прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Яны ўвесь час тэлефанавалі адзін аднаму, Турэччыну выгналі з праграмы будаўніцтва F-35 за набыццё зенітна-ракетных комплексаў С-400 расейскай вытворчасці, і Анкара нечакана апынулася бліжэй да Масквы, чым да Паўночнаатлантычнага альянсу. Але зараз усё змянілася. Дзве краіны сутыкнуліся ў Сірыі, падтрымалі супрацьлеглыя бакі ў Лівіі і ў цэлым адчуваюць раздражненне адзін ад аднаго, імкнучыся скарыстацца рэгіянальным вакуумам, пакінутым на Блізкім Усходзе пасля сыходу ЗША. Пуцін і Эрдаган больш не тэлефануюць адзін аднаму. Больш за тое, ва ўмовах эскалацыі баявых дзеянняў паміж Арменіяй і Азербайджанам за анклаў Нагорны Карабах Эрдаган паставіў Пуціна ў надзвычай складанае становішча. Турэччына адназначна падтрымала азербайджанскую ваенную кампанію, і цалкам магчыма, садзейнічала накіраванню сірыйскіх наймітаў у зону канфлікту, хоць афіцыйна Анкара гэта адмаўляе. Дзякуючы гэтаму Азербайджан вокамгненна прасунуўся наперад, ужываючы жорсткую сілу. Арменія прапанавала ажывіць стары фармат перамоваў, яна дамагаецца амерыканскай падтрымкі і абяцае ваяваць да пераможнага канца. Але падобна, частку тэрыторыі яна страціла. Абстрэлы ўсё часцей і глыбей тузаюць раёны пражывання грамадзянскага насельніцтва з абодвух бакоў, а Масква маўчыць. Гэта аглушальнае маўчанне. Уплывовы рэгіянальны гулец, які мяжуе з Азербайджанам, але які ўступіў з Арменіяй у афіцыйны альянс ў сферы бяспекі, дыпламатычнымі сродкамі патрабуе, каб змоўклі гарматы. Але пакуль ніякага прыкметнага ўплыву на гэты хаатычны канфлікт Масква не аказвае. На гэтым тыдні ход за Масквой. Арменія, па ўсёй бачнасці, не валодае тэхнічнымі магчымасцямі, каб супрацьстаяць беспілотнікам і азербайджанскаму наступу, і замест гэтага яна пашырае зону канфлікту, абстрэльваючы галоўныя азербайджанскія гарады (паводле сцвярджэнняў Баку). У гэты момант Крэмль звычайна пагражаў, угаворваў або сілай прымушаў усіх прытрымлівацца старога парадку, нагадваючы рэгіёну, хто тут быў гаспадаром у савецкія гады. Але цяпер Масква маўчыць, і прычыны такога маўчання незразумелыя. Ёсць аргументы аб тым, што Масква недалюблівае армянскага прэм’ер-міністра Нікола Пашыняна, які прыйшоў да ўлады у 2018 годзе на хвалі аксамітнай рэвалюцыі з патрабаваннем правесці рэформы па заходнім узоры. Пашынян асцярожна збліжаецца з Еўразвязам, захоўваючы пры гэтым глыбокія эканамічныя сувязі Арменіі з Расеяй. Таму не выключана, што Масква вырашыла пакараць новага армянскага кіраўніка, прымушаючы яго папацець, а можа быць, нават прайграць у гэтым канфлікце. Але Арменія, напэўна, пачула гэты сігнал, зразумеўшы, што ёй давядзецца заплаціць за недастатковую адданасць Расеі. Аднак больш голасна гучыць рэгіянальны сігнал: саюзнік Турэччыны, па ўсёй бачнасці, перамагае. Для Расеі гэта вельмі рызыкоўны разлік. Яна мяркуе, што хай вельмі павольна, але ўсё-ткі Арменія пасля гэтага крызісу будзе больш злавацца на свайго праеўрапейскага прэм’ера, чым на даўнюю саюзніцу Расею, якая кінула яе на волю лёсу. На гэтым тыдні АДКБ павінна была правесці ў Беларусі вучэнні пад назвай «непарушнае братэрства», аднак Арменія заявіла, што адмаўляецца ад удзелу. На Захадзе ёсць схільнасць думаць, што ўсё, што адбываецца вакол Пуціна ідзе ў адпаведнасці з яго задумамі. Вельмі ліслівая ацэнка для расейскага лідэра, згодна з якой крамлёўскі кіраўнік перагульвае сваіх ворагаў, валодаючы большай гнуткасцю, маючы менш стрымак і проціваг, і бачачы геапалітычную перспектыву далей, чым дэмакратыі, якія супрацьстаяць яму. Захад мае звычай думаць, што Пуцін бачыць нараджэнне крызісаў і абыходзіць іх з флангаў, прадпрымаючы рашучыя дзеянні, у той час як Злучаныя Штаты і Еўропа проста выказваюць сур’ёзную заклапочанасць. Аднак у апошні час Крэмль ўмешваецца занадта часта. У Масквы ў цяперашні час ёсць сілы (марыянеткавыя), ваюючыя ва Украіне, Сірыі і Лівіі. Ёй таксама давялося аказаць тэрміновую дапамогу беларускаму дыктатару Аляксандру Лукашэнку. Маштабы і ўтрыманне такой дапамогі не выдаюцца. Гэта чатыры розных крызісы, і ўсе яны знаходзяцца ў самай актыўнай фазе. Ці ёсць у Крамля сілы, сродкі і рашучасць, каб увязацца ў пяты крызіс? Увесці расейскія войскі ў Нагорны Карабах і задзейнічаць іх у канфлікце будзе няпроста. У Расеі ёсць ваенныя базы ў Ерэване і Гюмры, але ёй прыйдзецца па паветры перакідаць дадатковыя сілы і сродкі, або прасіць Грузію дазволіць транзіт гэтых войскаў праз яе тэрыторыю. Акрамя таго, цяпер ужо занадта позна. Азербайджанцы, па ўсёй бачнасці, бяруць верх у тэхнічным і стратэгічным плане. Дзівіць яшчэ адна вельмі важная акалічнасць: поўная адсутнасць ЗША. Звычайна Вашынгтон стараўся актыўна стабілізаваць неспакойны Каўказ. Аднак на мінулым тыдні дзяржсакратар Майк Пампеа прадэманстраваў амерыканскую абыякавасць. Па сутнасці, Амерыцы гэта нецікава, і ў яе іншых спраў па горла. Калі гэта ў той жа меры нецікава Расеі, і калі яна занятая іншымі справамі, то бравада і рэгіянальны ўплыў Турэччыны, якія ўсё ўзмацняюцца, цяпер здаюцца вельмі характэрным фактам, піша CNN.
А нямецкая Süddeutsche Zeitung сёння мае загаловак „Раскошу паставілі на паўзу”. Гэтак нямецкія журналісты рэагуюць на цырымонію Нобелеўскага камітэта. Лаўрэаты не будуць ціснуць руку каралю ў Стакгольмскай канцэртнай зале, высакародныя сямействы не будуць тоўпіцца вакол лаўрэатаў у фае Гранд-гатэля, не будзе і параду ўзнагароджаных асобаў на лесвіцы стакгольмскай Ратушы. Замест гэтага граматы і медалі лаўрэаты атрымаюць у сваіх краінах — у пасольствах Швецыі або ва ўніверсітэтах, дзе працуюць. Праўда, пры гэтым будзе прысутнічаць тэлебачанне. Але амаль сюррэалістычнага бляску, якім, як правіла, вылучаюцца ўрачыстасці ў зімовым Стакгольме, на гэта раз чакаць не даводзіцца. Мяркуецца, што як мінімум у дзвюх катэгорыях, а менавіта ў медыцыне і літаратуры, з абмежаваннямі пагодзяцца. Паўза дасць магчымасць перастаць корпацца ў скандалах мінулых гадоў. А ў галіне літаратуры такіх было дастаткова. Спачатку на мяжы краху апынулася Шведская акадэмія навук, якая прэмію не фінансуе, але прысуджае. Пасля таго як у акадэмічных колах выліўся цэлы шэраг скандалаў на сэксуальнай глебе, як мінімум вялікая частка Акадэміі стала ўспрымацца як супольнасць сяброў, звязаных агульнымі інтарэсамі. У выніку ў Нобелеўскім камітэце Акадэміі не засталося дастатковай колькасці членаў, каб выбраць лаўрэата ў галіне літаратуры. Таму ў 2018 годзе ўзнагарода ў гэтай катэгорыі не прысуджалася. Але затое потым прэмія дасталася адразу двум пісьменнікам — Вользе Такарчук і Петэру Хандке. З-за апошняга падняўся жудасны шум, бо гэты аўстрыйскі пісьменнік выяўляў сімпатыі да Сербіі і сербаў. Хандке вядомы тым, што падчас вайны ў Югаславіі падтрымліваў агрэсара — Слабадана Мілошавіча. Калі ў выпадку з Петэрам Хандке нагодай для скандалу стаў выбар лаўрэата, то ў галіне медыцыны папрокі пасыпаліся на журы. У 2010 годзе група навукоўцаў запрасіла італьянскага хірурга і даследчыка ствалавых клетак Паала Мак’ярыні на прафесарскую пасаду ў надзеі, што такім чынам атрымаецца звязаць інстытут з адным з самых смелых эксперыментаў у галіне рэгенератыўнай медыцыны. Але з васьмі пацыентаў, якім Мак’ярыні перасадзіў штучныя трахеі, сямёра памерлі. Лёс восьмага пацыента застаўся невядомым. А навуковыя работы не вытрымалі праверкі. Сам Мак’ярыні выявіўся ашуканцам і шлюбным аферыстам, яго выкрылі пры падробцы дакументаў. Увосень 2016 года яму давялося пакінуць Каралінскі інстытут. У канцы верасня 2020 года шведская пракуратура выставіла супраць Мак’ярыні абвінавачанне ў цяжкім нанясенні шкоды здароўю. Гэта здарылася пасля таго, як у Італіі яго ўжо асудзілі за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. У выніку скандалу вакол хірурга змянілася ўсё кіраўніцтва Каралінскага інстытута. Многія прафесары пакінулі Нобелеўскі камітэт з-за таго, што гадамі падтрымлівалі італьянскага прайдзісвета, што паставіла пад сумнеў іх прафесійную кампетэнтнасць. Кароль Швецыі каментаваў скандалы агульнымі супакаяльнымі фразамі. Вось чаму так мала краін могуць прысуджаць падобныя прэміі. Моцныя дзяржавы падазравалі б у імкненні палітызаваць прэміі, у слабых няма належнай значнасці ў свеце. Швецыя ж невялікая, але моцная і багатая краіна. Вось ужо больш за дзвесце гадоў яна не вядзе войнаў, захоўвае нейтралітэт, узровень адукацыі яе насельніцтва высокі. Але перш за ўсё гэтая краіна — парламенцкая манархія. Калі кароль уручае прэміі, калі ён у асяроддзі сваёй сям’і сядзіць у цэнтры банкетнай залы, а затым дае кароткую аўдыенцыю кожнаму лаўрэату, ён тым самым быццам падымае лаўрэатаў над штодзённасцю і ператварае іх, ва ўсякім выпадку ненадоўга, у людзей больш высокага рангу. Адмаўляцца ад Нобелеўскай прэміі ў Швецыі не хоча ніхто, піша Süddeutsche Zeitung.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: eadaily.com