Пра кардон



Пакуль Святлана Ціханоўская сустракаецца з канцлерам Нямеччыны Ангелай Меркель, нібыта беларускі прэзідэнт заслухаў даклад па развіцці дрэвапераапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Не, ну а што! Правільна! Узровень прэзідэнта – гэта акурат кантроль за ўсімі сферамі: ад калгасаў да дрэвапераапрацоўчай галіны. Самі ж кіраўнікі заводаў не дадуць рады. Яны ж усе дзядзькі маленькія, толькі з кароткіх штаноў выраслі. Яны ж самі не ўмеюць заводамі кіраваць. За імі кантроль патрэбны. Нашая нябачная рука рынку – гэта саміведаецехто. Менавіта толькі дзякуючы яму трымаюцца і працуюць у Беларусі заводы і прадпрыемствы.

А Беларусь пад кіраўніцтвам нашага ўсяго развіваецца. Зайздросці нам Ілон Маск! Мы будзем рабіць кардон! Можа быць. “Давайце рабіць кардон”, — прапанаваў саміведаецехто. Вось гэта быў бы сапраўдны прарыў у 21 стагоддзі: кардон! У любым выпадку, спадзяюся, ён будзе лепей, чым запалкі. А яшчэ саміведаецехто заявіў пра новую рэформу: развіваць і паглыбляць вытворчасць, заснаваную на лясных рэсурсах. Крутая рэформа! Такія рэформы можна і ў іншых сферах праводзіць. Напрыклад: “Развіваць і паглыбляць адукацыю, заснаваную на прынцыпах гуманізму”. Ці іншы прыклад: “Развіваць і паглыбляць сістэму ЖКГ, заснваную на чыстай вадзе”. Кртуа! Я цяпер рэфарматар!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ