Больш за 80 беларускіх кампаній зацікавіліся пераносам бізнесу ў Літву
Больш за 80 беларускіх кампаній, сярод якіх дзясяткі з ІТ-сферы, зацікавіліся пераносам бізнесу ў Літоўскую Рэспубліку, паведамляе партал Delfi са спасылкай на звесткі арганізацыі дзяржаўнага агенцтва Investuok Lietuvoje („Інвестуй у Літве”).
„На гэты момант мы атрымалі больш як 80 запытаў, мы актыўна маем зносіны з некалькімі дзясяткамі кампаній, іх колькасць пастаянна мяняецца. Дамінуюць запыты кампаній, якія працуюць у сферы тэхналогій, але ёсць і гульцы іншых сектараў. Паколькі працэс прыняцця рашэнняў канфідэнцыйны, нешта канкрэтнае сказаць мы можам толькі пасля прыняцця рашэнняў”, — сказаў кіраўнік агенцтва Мантус Катынас.
Паводле яго слоў, кампаніі гатовыя перавесці ў Літву свае найважнейшыя аддзяленні, вопыт у сферы ІТ, высокакваліфікаваных работнікаў. „Гэта не толькі павялічыла б колькасць работнікаў сферы ІТ у краіне, пашырыла б экасістэму стваральнікаў праграмнага абсталявання, умацавала б індустрыю ІТ у Літве, але і павялічыла б патэнцыял у справе канкурэнцыі з краінамі — лідарамі ў свеце”, — адзначыў Катынас.
„Галоўныя канкурэнты: Польшча, Латвія і Украіна. Апошняя прапануе невялікія расходы, але ў яе ёсць сур’ёзныя праблемы са сферай бізнесу. Польшча і Латвія прапануюць такія ж умовы, што і Літва, таму рашэнне абумовяць „мяккія” фактары: зручнасць гарадоў для жыцця, гарманічны працэс міграцыі і інтэграцыі, дзейнасць структур, якія прывабліваюць інвестыцыі”, — растлумачыў Катынас.
Прэс-сакратар асацыяцыі Infobalt Паўлюс Якутавічус паведаміў, што ў кампаній, якія цікавяцца Літвой, прыблізна 1.600 работнікаў. Гэта ў асноўным малыя і сярэднія прадпрыемствы. „Ад стартапу да сярэдняй кампаніі з сотняй работнікаў, для такіх кампаній у нас ёсць прапановы: офісы, пражыванне, рынак, магчымасці супрацоўніцтва”, — сказаў Якутавічус. Ён назваў сітуацыю беспрэцэдэнтнай — калі раней Літвой цікавіліся асобныя прадпрымальнікі або спецыялісты, то цяпер гэта кампаніі.
Разам з тым літоўскія эксперты звяртаюць увагу на пакуль яшчэ складаную працэдуру іміграцыі, што з’яўляецца перашкодай на шляху асталявання беларускіх кампаній. Цяпер у Літве ўдасканальваюць працэдуру для хуткага працэсу пераезду і інвестыцый, думаюць аб адмове ад залішніх дакументаў, спрашчэнні працэдуры выдачы віз і патрабаванняў да кваліфікацыі работнікаў.
Як паведамляў БелаПАН, на сярэдзіну верасня 12 беларускіх кампаній прынялі рашэнне перанесці сваю дзейнасць у Латвію. Гэта кампаніі з індустрыі інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, зялёнай энергетыкі. Яны плануюць перавесці ў Латвію прыблізна 470 супрацоўнікаў, у асноўным прадстаўнікоў кіраўніцтва і ключавых спецыялістаў, паведаміла латвійскае Міністэрства эканомікі. Для таго каб беларускія кампаніі маглі хутчэй перанесці бізнес у Латвію, сфармаваная спецыяльная каманда, куды ўваходзяць прадстаўнікі Міністэрства эканомікі і Латвійскага агенцтва інвестыцый і развіцця (LIAA).
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі днямі падпісаў указ „Аб некаторых мерах па прыцягненні прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь”. Дакумент закліканы спрыяць развіццю інвестыцыйнага патэнцыялу Украіны і прыцягненню ў краіну беларускіх высокакваліфікаваных IT-спецыялістаў і інаватараў. Прадугледжаны шэраг мер, у тым ліку спрошчанае афармленне права на часовае пражыванне для гэтых катэгорый беларусаў.