Агляд прэсы: гарантыі для прэзідэнта АМАПу



Лукашэнка добраахвотна не пакіне ўладу ў Беларусі. У Кіргізстане плануецца жаночы марш „Белых хустак”. Падрабязнасці свежых артыкулаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

Славацкае выданне Aktuality выступае пад загалоўкам „Пакуль Лукашэнка кантралюе сілавыя структуры, добраахвотна ён не сыйдзе”. Для яго саступіць дэманстрантам гэтак жа непрымальна, як саступіць Маскве, кажа беларускі эксперт. 2020 год можа ўвайсці ў нацыянальную гісторыю беларусаў як «annus mirabilis», гэта значыць «год цудаў». Нешта падобнае ў 1989 годзе перажыла Чэхаславаччына, праз крах камуністычнага рэжыму. Аднак сёння перад беларусамі больш сур’ёзны выклік, паколькі ў Маскве ўжо не Міхаіл Гарбачоў, а Уладзімір Пуцін. Пра гэта ў інтэрв’ю кажа беларускі аналітык і навуковы супрацоўнік Інстытута еўрапейскіх даследаванняў і міжнародных адносін факультэта сацыяльных і эканамічных навук Універсітэта Коменскага ў Браціславе Аляксей Кажарскі. Тайная інаўгурацыя стала сапраўдным прэцэдэнтам, і ў свеце другога такога выпадку не знойдзецца. Па ўсёй бачнасці, пра яе не ведала нават сама Масква. Трэба разумець, што людзі не могуць выходзіць на вуліцы бясконца. Акрамя таго, набліжаецца зіма, і, па здагадках, колькасць людзей на маніфестацыях скароціцца. Але трэба таксама разумець і тое, што пратэсты не абмяжоўваюцца толькі вуліцамі і плошчамі. У Беларусі нарадзілася грамадзянская супольнасць, і гэта заўважна, напрыклад, у жылых раёнах, дзе людзі сустракаюцца, разам ядуць, слухаюць канцэрты, таму што падтрымаць іх туды часта прыязджаюць дзеячы мастацтва. Гэты працэс ужо не дазволіць краіне вярнуцца ў ранейшы стан. Магчыма, маштабныя пратэсты спыняцца, але адчуванне салідарнасці на месцах ужо нікуды не знікне. У грамадстве працякаюць працэсы, якія Лукашэнка не здольны кантраляваць. Напрыклад, супраціў дзеячаў мастацтва. Людзі ў жылых кварталах вывешваюць бел-чырвона-белыя сцягі, на будынках з’яўляюцца муралы. І тое, і іншае нясе эстэтычную нагрузку. Урад, які на працягу 26 гадоў трымаў краіну пад каўпаком, не звыклы да падобнага. Лукашэнка прад’яўляе прэтэнзіі міліцыі і чыноўнікам, бо тыя не спраўляюцца з сітуацыяй. Сітуацыя патавая. Але яна не такая стабільная, як магло б здацца. Паралельна размываецца легітымнасць сілавых і ўладных структур. Цалкам верагодна, што гэта будзе доўжыцца яшчэ нейкі час, але пра гады я б не казаў. У інтэрнэце Лукашэнка нават прыдумалі мянушку — прэзідэнт АМАПу. Сіла — адзінае, на чым трымаецца рэжым. Раней ён абапіраўся на пасіўнасць, страх і пэўную падтрымку часткі насельніцтва. У гэтых падраздзяленняў адзіная мэта — не задумвацца і душыць. А магчыма, і забіваць, калі спатрэбіцца. Вы звярніце ўвагу, напрыклад, на прывітанне, якім абменьваюцца супрацоўнікі сілавых структур. Яны кажуць, што служаць прэзідэнту і радзіме. Прэзідэнт — на першым месцы, а радзіма на другім. Лукашэнку празвалі прусаком. У чалавека, які не пераносіць нават найменшай крытыкі ў свой адрас, гэта не магло не выклікаць раздражнення. Але, акрамя таго, ён непазбежна спалохаўся і таму абраў «прэвентыўныя» меры. Лукашэнка прывык лічыць сябе геніяльным лідарам і адразу не мог зразумець, чаму людзі да яго адчуваюць непрыязнасць. Але я паўтару, што ў галаву да гэтых людзей мы не зазірнем. Аднак у Беларусі вырасла пакаленне, у якога цалкам іншыя маральныя, палітычныя, эстэтычныя і эканамічныя патрабаванні. У апошнія гады ўзровень жыцця зніжаўся, і было заўважна, што эканамічная мадэль, якую прапануе Лукашэнка, тупіковая. Яна ні да чаго не вяла. Ніякіх рэформаў не будзе, таму што іх робіць немагчымымі сам характар рэжыму, які трымае эканоміку пад дзяржаўным кантролем. Сёння верыць Лукашэнку ўсё роўна што верыць нарказалежнаму, які абяцае спыніцца і просіць грошай. Гэты чалавек залежны ад улады і добраахвотна ад яе не адмовіцца. Дыялог з ім магчымы толькі аб умовах яго сыходу, а таксама аб гарантыях, якія яму могуць прапанаваць ці не прапанаваць. Асабіста я не думаю, што ён гатовы сысці. Нават пры ўмове, што з ім нічога не здарыцца. Ён не паверыць. Сам ён не выконвае абяцанні і таму не паверыць людзям, якія паабяцалі б яму недатыкальнасць. Пакуль Лукашэнка кантралюе сілавыя структуры, па добрай волі ён не сыдзе. Калі ён страціць кантроль над імі, то не застанецца ніякага сэнсу прапаноўваць яму нейкія гарантыі. Мы не ведаем, чым справа скончыцца, ці будзем мы святкаваць Каляды з Лукашэнкам ці ўжо без яго. Але факт у тым, што ў Беларусі здарыўся цуд, якога ніхто не чакаў. Хаця ў Маскве ўжо не Гарбачоў, а Пуцін, які гатовы падтрымліваць жорсткія дыктатарскія рэжымы. Увогуле, беларусы супрацьстаяць Маскве. Але ў Беларусь прыйшоў 1989 год (праўда, з 30-гадовым спазненнем). Краіна ўжо не будзе такой, як раней, — сказаў палітычны эксперт Аляксей Кажарскі ў інтэрв’ю выданню Aktuality.

Хуткую рэвалюцыю ў Бішкеке ацанілі многія беларусы. Але цяпер час кіргізаў браць прыклад з Беларусі. Кіргізстан 8 кастрычніка выйдзе на акцыю, якая вельмі нагадвае падзеі ў нашай краіне. На чацвер анансавана правядзенне жаночага маршу „Белыя хусткі”. Збор удзельніц адбудзецца ля помніка Курманджан Датке ў Бішкеку ў памяць аб загінуўшым 5 кастрычніка Алтынбеку уулу Умутбеку. Пра гэта паведамілі арганізатары маршу сталічнаму выданню Kaktus.media. „Смерць маладога патрыёта не была марнай! Паклон яго маці, якая выгадавала сапраўднага патрыёта краіны”, — адзначаюць арганізатары. На марш запрашаюцца ўсе жадаючыя жанчыны. Мэта маршу — яднанне ўсіх жанчын Кіргізстана без залежнасці ад этнічнага паходжання, сацыяльнай, рэлігійнай ці іншай прыналежнасці вакол ідэі міру, стабільнасці і згоды. „Мірную акцыю заклікаем правесці адначасова ва ўсіх рэгіёнах краіны”, — дадалі яны. Такім чынам, Бішкек стане цэнтрам жаночых маршаў „Белых хустак”, але не адзіным месцам правядзення акцыі.

У нядзелю, 4 кастрычніка, у Кіргізстане прайшлі парламенцкія выбары. У гэты дзень фіксаваліся шматлікія парушэнні на выбарчых участках па ўсёй краіне. Па папярэдніх дадзеных, большасць галасоў аказалася ў партый „Бірымдык” і „Мекен Кыргызстан”. Гэта выклікала незадаволенасць сярод сябраў партый, якія набралі меншую колькасць галасоў. Яны заявілі пра падтасоўку вынікаў. 5 кастрычніка ў Бішкеку прайшлі мітынгі, якія прывялі да масавых беспарадкаў і частковага захопу ўлады. Вечарам 6 кастрычніка кааліцыя парламенцкай большасці прадставіла кандыдатуру Садыра Жапарава на пасаду прэм’ер-міністра краіны. Грамадскасць і палітычныя сілы лічаць гэта вылучэнне нелегітымным. 7 кастрычніка дэпутаты так і не змаглі правесці паўнавартаснае пасяджэнне, каб абвясціць імпічмент прэзідэнту і выбраць тэхнічнага прэм’ера з-за пагрозы бяспекі. 8 кастрычніка сітуацыя ў Кіргізстане застаецца нестабільнай: дзейныя кіраўнікі ведамстваў працягваюць працаваць аддалена, Садыр Жапараў спрабуе замацавацца ва ўладзе, астатнія вядуць перамовы па аб’яднанні, каб яго скінуць, піша Kaktus.media.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.