Ціханоўская правяла перамовы з міністрамі замежных спраў Аўстрыі, Балгарыі і Грэцыі
Перамовы з міністрамі замежных спраў Аўстрыі, Балгарыі і Грэцыі правяла 8 кастрычніка ў Вене і Браціславе Святлана Ціханоўская.
Падчас паўгадзіннай сустрэчы з кіраўніком аўстрыйскага знешнепалітычнага ведамства Аляксандрам Шаленбергам Ціханоўская падзякавала суразмоўцу за падтрымку яго краінай санкцыйнага спіса беларускіх чыноўнікаў, „якія працуюць на рэжым”, і адзначыла, што ў гэтым спісе павінны быць Лукашэнка і іншыя асобы, якія займаліся фальсіфікацыямі на выбарах і разгонам мірных мітынгаў.
Бакі абмеркавалі, ці можа Аўстрыя быць пляцоўкай для перамоў аб новых выбарах, і закранулі сітуацыю з мабільным аператарам А1, які аказвае паслугі ў Беларусі і ўваходзіць у склад міжнароднай групы A1 Telekom Austria Group, у сувязі з адключэннем інтэрнэту падчас вулічных пратэстаў.
Акрамя таго, Ціханоўская і Шаленберг абмеркавалі дзеянні ў падтрымку беларускага народа, якія могуць быць прынятыя на ўзроўні ЕС, паведаміла прэс-служба экс-кандыдата ў прэзідэнты.
Паводле інфармацыі аўстрыйскага знешнепалітычнага ведамства, бакі таксама заявілі аб неабходнасці інклюзіўнага нацыянальнага дыялогу. Шаленберг патлумачыў увядзенне санкцый Еўрасаюза супраць 40 беларускіх службовых асоб: „Гэта быў важны і даўно наспелы крок. Калі парушаюцца дэмакратычныя прынцыпы і каштоўнасці, калі людзі адвольна арыштоўваюцца і зведваюць катаванні, ЕС павінен рэагаваць”.
Размову з Ціханоўскай Шаленберг назваў у вышэйшай ступені карыснай: „Яе гісторыя сімвалічная для тых сотняў тысяч беларускіх жанчын і мужчын, якія хочуць удзельнічаць у вызначэнні дэмакратычнай будучыні сваёй краіны. Яны глядзяць наперад, у той час як Лукашэнка слепа ўхапіўся за мінулае. Аднак дух перамен даўно выпушчаны з бутэлькі, і яго нельга загнаць назад”.
Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, з міністрам замежных спраў Балгарыі Кацярынай Захарыевай яна абмеркавала магчымую праграму рэабілітацыі для пацярпелых падчас разгонаў, а таксама візавую падтрымку для беларускіх грамадзян.
Кіраўнік МЗС Грэцыі Нікас Дэндзіяс на сустрэчы з Ціханоўскай адзначыў, што для яго краіны вельмі важна падтрымліваць правы чалавека і востра стаіць пытанне вызвалення палітвязняў у Беларусі. Ціханоўская заявіла, што персанальныя санкцыі варта пашырыць і на ўзроўні Грэцыі, паколькі яны могуць быць накладзеныя ў тым ліку на супрацоўнікаў міліцыі і спецназа, якія ўдзельнічалі ў разгонах мірных шэсцяў.