Сяргей Хаменка ўзначаліў Беларускую асацыяцыю міні-футбола



Сяргей Хаменка ўзначаліў Беларускую асацыяцыю міні-футбола

Сяргей Хаменка абраны старшынёй Беларускай асацыяцыі міні-футбола (БАМФ). За яго адзінагалосна прагаласавалі ўдзельнікі справаздачна-выбарчай канферэнцыі гэтай арганізацыі, якая прайшла ў Менску. Сяргей Куніца, які ўзначальваў асацыяцыю на працягу апошніх гадоў, зараз стаў ганаровым старшынёй міні-футбольнай асацыяцыі. Новы кіраўнік Сяргей Хаменка доўгі час служыў у сістэме Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у снежні мінулага года быў прызначаны намеснікам міністра ўнутраных спраў.

Андрэй Клімавец папоўніў шэрагі ЦСКА

Беларускі левы паўсярэдні Андрэй Клімавец стаў гульцом маскоўскага гандбольнага клуба ЦСКА, паведамляе прэс-служба армейцаў.

Андрэй Клімавец – сын вядомага ў мінулым беларускага гандбаліста Уладзіміра Клімаўца і пляменнік Андрэя Клімаўца, які выступаў за зборныя Беларусі і Нямеччыны. Раней 18-гадовы гандбаліст выступаў за ўкраінскі „Матор”.

Сафія Кенін стала другой фіналісткай „Ралан Гарос”

Амерыканская тэнісістка Сафія Кенін выйшла ў фінал „Ралан Гарос”. У паўфінале яна перамагла чэшку Петру Квітаву – 6:4, 7:5. Матч працягваўся адну гадзіну і 46 хвілін. У фінале суперніцай амерыканкі стане полька Іга Швёнтэк, якая ў паўфінале абыграла аргентынку Надзю Падароску – 6:2, 6:1. Матч працягваўся гадзіну і 12 хвілін. 19-гадовая полька ўпершыню ў кар’еры прабілася ў фінал турніру „Вялікага шлема”. Арно Дэмар выйграў шосты этап „Джыра д’Італія”

Французскі велагоншчык Арно Дэмар з каманды Groupama – FDJ выйграў шосты этап велашматдзёнкі „Джыра д’Італія – 2020”. Гэта яго другая перамога на сёлетнім Гранд-туры. Этап працягласцю 188 км француз праехаў за 4 гадзіны 54 хвіліны 38 секунд. Другое месца пакінуў за сабой аўстраліец Майкл Мэцьюс з Sunweb. Італьянец Фабіа Феліні, які прадстаўляе казахстанскую Astana Pro Team замкнуў тройку наймацнейшых. У генеральнай класіфікацыі працягвае лідзіраваць партугалец Жаао Алмейда з Deceuninck-Quick Steр.

Беларускае Радыё Рацыя