Успамін пра Кастуся Тарасава
10 кастрычніка 2020 года аднаму з лепшых празаікаў Беларусі, Кастусю Тарасаву, споўнілася бы 80 гадоў.
На фота: Кастусь Тарасаў і Сяржук Вітушка. 20 сакавіка 1988, Менск, мітынг у абарону Верхняга Горада, падчас пракладкі 2-ой лініі мэтрапалітэна. Аўтар здымка: археолаг Мікола Крывальцэвіч.
На фота – Кастусь Тарасаў з Алесем Бяляцкім на 5-ці годдзі Праваабарончага Цэнтру „Вясна”.
Творы Кастуся Тарасава – жывы свет, у які трапляеш і пачынаеш жыць. Верыш ва ўсё і адчуваеш усё, як у рэальным часе. Нават, калі гэта часы Міндоўга, ці іншы далёкі час, І сам Кастусь Тарасаў быў падобны на сярэднявечнага рыцара.
У 2005 годзе Кастусь Тарасаў пісаў аповесць “Скарбы князёў Радзiвiлаў, альбо обер-аўдытарская праверка ў Нясвiжы”. Для дакладнасці дэталяў выязджаў у мясціны, дзе адбывалася дзеянне, у Талачынскі раён, дзе жыў герой. Для ўдакладнення дэталяў. Кастусь Тарасаў даваў мне чытаць аповесць ў надрукаваным на кампутары выглядзе. Тэкст захапіў мяне. У красавіку 2006 года мы дамовілся на вялікае інтэрв’ю пра гістарычную прозу. На той час Кастусь Тарасаў працаваў у памяшканні Таварыства Беларускай Мовы на вуліцы Румянцава ў Менску. Калі я прыйшла на ТБМ, у вялікім пакоі адбывалася культурніцкая імпрэза, у сярэднім працавалі Алег Трусаў і Ірына Марачкіна (жонка мастака Алеся Марачкіна), а Кастусь Тарасаў быў у самым маленькім пакоі з вокнамі ў двор, ён сядзеў за кампутарам, вадзіў “мышкай” па паверхні стала, але маўчаў, не адказваў на пытанні. І я спачатку падумала, што выклікала гнеў спазненнем на 15 хвілін, але зразумела, што нешта іншае адбываецца. Паклікала Ірыну Марачкіну, яна патэлефонавала ў “хуткую”. Інсульт. Бальніца “Хуткай дапамогі”. Адтуль патэлефанавала дачцэ Ганне ў Маскву. Лячэнне, рэабілітацыя. Да самых апошніх дзён Кастусь Тарасаў працягваў пісаць тэксты пра нацыянальную ідэю, пра гісторыю Беларусі, супрацоўнічаў з незалежнымі СМІ. Тэкст “Эрзац” быў прысвечаны прэзідэнцкім выбарам напачатку 2010 года для сайта Euramost.org (цяпер не існуе), у ім Кастусь Тарасаў піша: “Нацыянальная ідэя будзе безгаловай без беларускай мовы, без школы і інстытутаў, у якіх бы вучылі па-беларуску. З вяртаннем да рускай мове мы сталі ў апошні шэраг за Расеяй, і гэта не дае нам магчымасці паглядзець наперад”. Адзін з апошніх тэкстаў Кастуся Тарасава быў пра людзей, якія пасля інсульту вярнуліся да беларускай мовы, якая была роднай, і цалкам забылі рускую мову. Апошні ліст ад Кастуся Тарасава я атрымала 19 сакавіка 2010 года ў 20.16: “Паліна! Сёння ў мяне не выходзіць перадаць файл. Перадам заўтра. К”. “Заўтра” было 20 сакавіка, якое пазначана днём смерці.
Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя