Запрацаваў Беларускі фонд культурнай салідарнасці



Запрацаваў Беларускі фонд культурнай салідарнасці. Галоўная мэта — дапамагчы юрыдычна, матэрыяльна і псіхалагічна тым дзеячам культуры, каго звольнілі з працы, хто сышоў на знак пратэсту ці апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. БФКС з’яўляецца адгалінаваннем фонду BY_SOL. Яго дзейнасць таксама падтрымліваюць прадстаўнікі беларускай дыяспары і бізнэс-колаў.

Старшынём фонду стаў журналіст і арт-менеджэр, вядоўца праграмы «Музыка тыдня» на нашым радыё Сяргей Будкін. Дзеля запуску фонду ён пакінуў Менск і цяпер знаходзіцца ў Вільні.

 – Я разглядаю гэта як камандзіроўку, таму што шэраг справаў магчыма зрабіць толькі тут. У тым ліку юрыдычную рэгістрацыю гэтага фонда, каб можна было працаваць легальна. І ў тым ліку каб аказваць дапамогу. З Беларусі такая дзейнасць проста немагчыма. Яна адразу будзе замарожаная, а людзі, якія ёй займаюцца, могуць апынуцца за кратамі.

Медыйнай пляцоўкай Беларускага фонду культурнай салідарнасці стаў адноўлены пасля амаль гадавога зацішша сайт TuzinFM. Цяпер гэта інфармацыйны партал перадусім пра культурны супраціў.

– Патрэбна нейкая медыйная пляцоўка. Рабіць з нуля проста не мае сэнсу. Таму што тут напрацаваны сувязь, досвед і імя і брэнд. 18 год існавання “Тузіна” – гэта фактычна найстарэйшы музычны і культурніцкі сайт у Беларусі.

Неўзабаве TuzinFM будзе запушчаны ў новай версіі. На сайце па-ранейшаму даступны для падпісання адкрыты ліст дзеячоў культуры супраць хлусні і гвалту. Спіс падпісантаў набліжаецца да 1300.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя