Права чалавека… Чалавекам заставацца



Падчас, каб застацца на месцы, трэба бегчы. У некаторых дзяржавах пры пэўных абставінах немагчыма проста заставацца прыстойным чалавекам. Недастаткова проста не лезці ў палітыку.

Усе мы з дзяцінства на сваёй скуры вывучаем, што такое добра і што такое дрэнна. Адчуваем. Выпрабоўваем. Прыклады? Калі ласка. Непрыгожа быць паклёпнікам і закладваць аднакласнікаў (а потым аднагрупнікаў, калег…) Нельга крыўдзіць малодшых, асабліва з прымяненнем “сілавых” метадаў. Трэба паважаць старэйшых… Безумоўна, калі гэтыя старэйшыя не ўпалі ў старэчы маразм – у такім выпадку варта іх пашкадаваць, дапамагчы, але ж не ісці на саступкі капрызам… Тое ж – з малымі дзецьмі. Усё добра ў меру – памятаем пра здаровы сэнс. Згадваем правы – помнім пра абавязкі.

Былы рэктар Гарадзенскага медуніверсітэта ўжо не толькі былы рэктар, але і былы сенатар. Афіцыйная прычына – стан здароўя. Неафіцыйная – допіс у фэйсбуку з асуджэннем неапраўданага гвалту сілавікоў. Помста – тая страва, якую прыемней ужываць у халодным выглядзе, але ў нашых шыротах любяць гарачэй. “Няма пачакай!” – добры выраз у дадзенай сітуацыі. І тут вельмі далёка да павагі сталага чалавека і прафесара медыцыны, тут і згадак няма пра павагу да навукі.

Што тычыцца дзяцей (а падлеткі 13 і 15 год – яшчэ дзеці!), то і тут рамкі дазволенага адвольна пашырылі. Дарослыя дзядзькі могуць спакойна цягнуць па зямлі дзяўчынку, што абліла іх колай (пэўна, гэта было вельмі балюча – колай абліцца!!!), а хлопца, узятага выпадкова на вуліцы, збіць, затрымаць і дапрасіць без прысутнасці маці – законнага апекуна.

У цікавыя часы жывем! Але чарговы раз прыгадваеш выраз: “Усё таемнае робіцца відавочным!” “Дзяніскавы расповеды” пісьменніка Віктара Драгунскага – папулярная кніга дзяцінства! Не ўсім дзецям чытаюць кнігі – гэта цяпер не менш відавочна. Бачна па многіх дарослых людзях (пры пасадзе і без яе). 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ