Варшава адклікала з Беларусі 32 польскіх дыпламатаў



Міністэрства замежных спраў Польшчы выканала патрабаванне беларускага боку і адклікала 32 польскіх дыпламата, паведамляе TUT.BY. Як растлумачылі ў пасольстве Польшчы, «роўна столькі, колькі прасіў беларускі бок».

Нагадаем, дыпламатычны скандал разгарэўся 2 кастрычніка, калі беларускі МЗС запатрабаваў у пасольстваў Польшчы і Літвы ў нашай краіне скараціць колькасць дыпламатаў, якія працуюць у Беларусі.

Як растлумачыў Анатоль Глаз, у літоўскай амбасадзе замест 25 павінна застацца 14 дыпламатаў, у польскай – замест 50 застанецца 18.

Прадстаўнік МЗС таксама паведаміў, што паслы Беларусі ў Польшчы і Літве з 5 кастрычніка адклікаюцца ў Мінск для кансультацый. Амбасадарам Польшчы і Літвы ў Беларусі было прапанавана зрабіць таксама. Па апошніх дадзеных, аб адкліканні паслоў з Беларусі з тых часоў абвясцілі ўжо восем краін: Літва, Польшча, Нямеччына, Латвія, Эстонія, Чэхія, Славакія і Балгарыя.

Беларускае Радыё Рацыя