Беларускія футбалісты саступілі Кіпру ў кваліфікацыі маладзёжнага Чэмпіянату Еўропы



Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі няўдала правялі чарговы адборавы матч першынства Еўропы 2021. На поле жодзінскага стадыёна „Тарпеда” падначаленыя Сяргея Яромкі прайгралі кіпрскім аднагодкам з лікам 1:2. На сёмай хвіліне сустрэчы Руэла Соцірыу вывеў гасцей наперад, а ў самым пачатку другой паловы гульні Марыёс Перацікас павялічыў перавагу кіпрыётаў. Беларусы змаглі забіць гол толькі за дзве хвіліны да заканчэння асноўнага часу гульні, калі Раман Давыскіба рэалізаваў пенальці. У матчы першага круга адборавага турніру маладзёжнага чэмпіянату Еўропы гэтыя супернікі згулялі ўнічыю ў Ларнацэ – 1:1.

Турнірнае становішча ў 7-й кваліфікацыйнай групе зараз такое: Нідэрланды – 21 ачко пасля 7 матчаў, Партугалія набрала 12 у 5 гульнях, у Нарвегіі – 10 ачкоў пасля 7 матчаў, Беларусы набралі 8 балаў у 7 сустрэчах, у Кіпра – 7, у Гібралтара – 0 ачкоў. У фінальную стадыю маладзёжнага першынства кантынента выйдуць пераможцы 9 кваліфікацыйных груп і 5 лепшых каманд, якія занялі другія месцы.

Менскае «Дынама» перамагло «Куньлунь» у КХЛ

У матчы рэгулярнага першынства КХЛ мінскае «Дынама» апынулася мацней за кітайскі «Куньлунь» з лікам 2:0. Паядынак прайшоў на «Мінск-Арэне», дзе прысутнічалі каля 4,5 тысяч гледачоў. На 27-й хвіліне ў дынамаўцаў вызначыўся Уладзіслаў Яроменка, на 60-й – Ігар Мартынаў. Лік мог быць і больш, але на 41-й хвіліне Аляксандр Когалеў не рэалізаваў буліт. «Дынама-Мінск» дзеліць са СКА сёмае месца з 23-х, але мае гульню ў запасе. «Куньлунь» замыкае турнірную табліцу.

„Мяшкоў Брэст” разграміў гандбалістаў СКА

„Мяшкоў Брэст” разграміў гандбалістаў мінскага СКА ў гасцявым паядынку чэмпіянату Беларусі. У першай палове гульні мінчане на роўных змагаліся з чэмпіёнамі краіны, саступіўшы ўсяго два галы – 17:19. А вось пасля перапынку берасцейцы цалкам завалодалі ініцыятывай і ў выніку выйгралі з розніцай у 17 мячоў – 42:25. Гэта шостая перамога мяшкоўцаў у шасці матчах цяперашняга першынства. „Мяшкоў Брэст” мае 12 ачкоў, на два балы адстаюць гандбалісты „Гомеля”, у магілёўскага клуба „Машэка” 7 ачкоў, у віцэ-чэмпіёна мінскага СКА ўсяго 6 заліковых балаў.

Рафаэль Надаль стаў фіналістам адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе

На парыжскіх кортах „Ралан Гарос” праходзяць паўфінальныя паядынкі мужчынскага адзіночнага разраду. У першым з іх другі нумар сусветнага рэйтынгу, 12-разовы пераможца гэтага турніру іспанец Рафаэль Надаль перайграў у трох сэтах аргентынскага тэнісіста Дыега Шварцмана – 6:3, 6:3, 7:6 (7: 0 ). У першым раўндзе цяперашніх спаборніцтваў Рафаэль Надаль перамог беларуса Ягора Герасімава – 6:4, 6:4, 6:2.

Супернікам іспанца, які ў 13-ы раз згуляе ў фінале „Ралан Гарос”, вызначаўся ў сустрэчы першай ракеткі планеты серба Новака Джокавіча і грэка Стэфанас Цыцыпаса, які займае 6-е месца ў сусветным рэйтынгу. Джокавіч перамог суперніка з лікам 6:3, 6:2, 5:7, 4:6, 6:1. Фінальны матч у мужчын пройдзе 11 кастрычніка.

Беларускае Радыё Рацыя