У студзені-жніўні Беларусь скараціла знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг
У студзені-жніўні 2020 года знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг Беларусі склаў 44 млрд 728,9 млн даляраў, што на 17,7% менш, чым за аналагічны перыяд 2019 года, сведчаць папярэднія звесткі Нацыянальнага банка.
Экспарт тавараў і паслуг знізіўся на 16,2% да 22 млрд 952,5 млн даляраў, імпарт — на 19,2% да 21 млрд 776,4 млн даляраў.
Станоўчае сальда замежнага гандлю таварамі і паслугамі склала 1 млрд 176,1 млн даляраў. У студзені—жніўні 2019 года сальда было 438,3 млн даляраў.
Знешнегандлёвы абарот тавараў у студзені-жніўні скараціўся на 18,8% да 36 млрд 255,3 млн даляраў. Экспарт тавараў знізіўся на 18,3% і склаў 17 млрд 477,9 млн даляраў, імпарт — на 19,3% і склаў 18 млрд 777,4 млн даляраў. Адмоўнае сальда гандлю таварамі склала 1 млрд 299,5 млн даляраў (у студзені—жніўні 2019 года — мінус 1 млрд 872,5 млн даляраў).
Знешнегандлёвы абарот паслуг за восем месяцаў 2020 года знізіўся на 12,7% да 8 млрд 473,6 млн даляраў. Экспарт паслуг знізіўся на 8,9% і склаў 5 млрд 474,6 млн даляраў, імпарт — зменшыўся на 18,9% да 2 млрд 999 млн. Дадатнае сальда склала 2 млрд 475,6 млн долараў супраць 2 млрд 310,8 млн у студзені—жніўні 2019-га.
Раней выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” Яраслаў Раманчук у каментары БелаПАН адзначаў, што нават згодна з аптымістычным сцэнарам знешні гандаль таварамі паводле вынікаў 2020 года знізіцца на 25%. На яе ўплывае эпідэмія каронавірусу і палітычны крызіс у Беларусі.