З пачатку пандэміі польская паліцыя выпісала 176 тысяч папярэджанняў за брак маскі



З пачатку пандэміі каронавіруса польская паліцыя выпісала 176 тысяч папярэджанняў за адсутнасць маскі, амаль 22 тысячы штрафаў і скіравала 7780 заяў аб пакаранні ў суд, паведаміў прэс-сакратар Галоўнага камэнданту паліцыі  Марыюш Чарка.

За апошнія суткі было 3100 папярэджанняў, больш за 1000 штрафаў і 180 заяў у суд.

Па словах прадстаўніка паліцыі, з моманту ўвядзення стану эпідэміі толькі ў сувязі з барацьбой з каронавірусам паліцыя правярала людзей, якія накіроўваліся на каранцін, амаль 18 мільёнаў разоў. Чарка дадаў, што за апошнія суткі супрацоўнікі праверылі звыш 195,5 тысяч чалавек. Асобы, накіраваныя на каранцін, у больш чым 600 выпадках мелі парушэнні, якія могуць мець юрыдычныя наступствы. Ён нагадаў, што ў адпаведнасці з Законам аб прафілактыцы і барацьбе з інфекцыямі і інфекцыйнымі захворваннямі ў людзей павятовы санітарны інспектар можа накласці штраф у памеры ад 5 да 30 тысяч злотых.

Беларускае Радыё Рацыя