Латушка: Рэжым не здольны весці сумленны дыялог з грамадствам



 „Рэжым сёння чарговым разам прадэманстраваў сваю нібыта гатоўнасць да канструктыўнага дыялогу: у дачыненні да мірных дэманстрантаў, якія выступаюць за развіццё дыялогу ў грамадстве, за тое, каб былі прыцягнутыя да адказнасці ўсе вінаватыя ў парушэнні правоў чалавека, што з’яўляецца абсалютна абгрунтаваным, законным правам кожнага грамадзяніна любой еўрапейскай краіны, ужытая сіла, гвалт, затрыманні” — так пракаментаваў сённяшнія падзеі ў краіне член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу былы дыпламат Павел Латушка.

„Затрымліваюцца журналісты, якія ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам маюць права асвятляць усе падзеі, што адбываюцца ў краіне. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што рэжым не гатовы і не здольны весці сумленны і адкрыты дыялог з грамадствам”, — заявіў Латушка ў сваім тэлеграм-канале.

Сёння для разгону ўдзельнікаў Маршу гонару сілавікі ўжывалі святлошумавыя гранаты і вадамёты, па ўсёй краіне масава затрымліваліся журналісты.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязнямі. Змест размовы невядомы. „Не верце ні адзінаму слову і ўчынку Лукашэнкі!” — заклікаў грамадзян Павел Латушка, каментуючы паведамленне аб гэтым візіце.

belapan.by