Чалавек з інваліднасцю ўпарта змагаецца з рэжымам
Інвалід-вазочнік першай групы з Бярозы Валер Барашка ўпарта змагаецца з рэжымам. Ён удзельнічаў у Маршы 23 жніўня, а пасля кожную нядзелю выязджаў на пікет з бел-чырвона-белым сцягам. Яму выносілі папярэджанне мясцовыя міліцыянты, апошнім разам яго судзіў Бярозаўскі суд, суддзя Людміла Рудзіна. Яна вынесла інваліду-актывісту папярэджанне.
Валер Барашка, як кожны сумленны чалавек, не змог прыняць чарговага фальшавання выбараў і затым жорсткага збіцця мірных грамадзян, якія выйшлі з пратэстам супраць іх скрадзеных галасоў.
Кажа Валер Барашка:
– Я не бачу для сябе ніякага іншага выйсця, я змушаны гэта рабіць.
РР: То бок вы не згаджаецеся з тым, каб Аляксандр Лукашэнка заставаўся пры ўладзе?
– Я не згодны, і тыя аргументы, якія ён выкарыстоўвае, я іх не прымаю.
Паводле сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржука Русецкага, вялікія народныя грошы, укладзеныя ў дарагі капітальны рамонт суда, дазволілі судзіць інвалідаў-вазочнікаў:
– І цяпер з інвалідным вазком можна заехаць у суд. Пэўны такі сімвалізм, што можна цяпер і людзей з інваліднасцю судзіць у новым адрамантаваным судзе.
Валер Барашка не згодны з рашэннем суда, але абскарджваць яго не бачыць сэнсу па прычыне адсутнасці судоў у Беларусі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя