За суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 464 новыя выпадкі заражэння COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 83.998 (+464 за апошнія суткі), памёр 901 чалавек (+5), паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Другія суткі запар адзначаецца невялікае зніжэнне прыросту выпадкаў інфекцыі. 11 кастрычніка, згодна з афіцыйнай статыстыкай, было 511 новых выпадкаў, днём раней — 552.

Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 77.423 пацыенты (203 за апошнія суткі).

Праведзена 2.087.430 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 13.500.

Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Больш за пяць месяцаў міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

БелаПАН