Журналіста Змітра Лупача тры гадзіны пратрымалі докшыцкія міліцыянты (абноўлена)



На тры гадзіны міліцыянты затрымлівалі ў Докшыцах журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача. Ён прыязджаў туды  на суд, які павінен быў адбыцца над мясцовым актывістам Юрыем Мацеюном. Докшыцкія міліцыянты затрымалі журналіста разам з тэхнікай у холе суда.

Паводле Змітра Лупача, міліцыянты затрымалі яго для высвятлення асобы, але такім чынам перашкодзілі яго працы: 

– Каб сюжэт не выйшаў, я так думаю, я і сядзеў тры гадзіны пад кабінетам. Пашпарт паглядзелі. “Ну мы зараз праверым па базе. Ці ты там шукаешся дзе, ці што”. Прайшлі тры гадзіны і выпусцілі. Сказалі, больш не здымай.  Вось і ўсё.

Як кажа Зміцер Лупач, у Докшыцкім РАУСе міліцыянты да яго ставіліся карэктна, але тры гадзіны прасядзець на жалезнай лаўцы было нязручна.

Пад будынкам Докшыцкага РАУСа журналіста ўвесь час затрымання чакалі яго калегі і мясцовыя жыхары, якія прыйшлі на суд.

***

У  Докшыцах затрымалі журналіста-фрылансера, які супрацоўнічае з “Белсатам”, Змітра Лупача. Ён з калегай прыехаў асвятляць суд мясцовага грамадскага актывіста Юрыя Мацеюна.

На суд з відэакамерай і штатывам яго не пусцілі, таму ён застаўся разам з тэхнікай у фае будынка суда. У зале суда прысутнічала толькі яго калега.

За гэты час міліцыя затрымала яго ў фае разам з тэхнікай. Пра затрыманне распавядае блогер Кастусь Шыталь, які таксама прысутнічаў у той час у будынку докшыцкага суда:

– Нічога не ведаем. Сказалі, што быццам бы хутка адпусцяць. Але пакуль што не адпусцілі.

Як кажа Кастусь Шыталь, зараз ён, калега Змітра і яшчэ некалькі мясцовых жыхароў знаходзяцца ля будынка Докшыцкага РАУС і чакаюць звестак пра далейшы лёс Змітра Лупача.

Беларускае Радыё Рацыя