Студэнты найбуйнейшых беларускіх ВНУ правялі акцыю салідарнасці з затрыманымі на пратэстах
Студэнты найбуйнейшых беларускіх ВНУ праводзяць у панядзелак акцыю салідарнасці з затрыманымі на пратэстных акцыях 10 і 11 кастрычніка.
Фатаграфіі і відэазапісы акцый размяшчаюцца ў сацыяльных сетках. У тэлеграм-канале „Студэнцкая ініцыятыўная група” адзначаецца, што ўсе затрыманыя на маршах, якія прайшлі ў выхадныя, — гэта „беларусы, якія хочуць лепшага для сваёй краіны, а галоўнае — заслугоўваюць гэтага”. „На маршы ўлады зноў жорстка разагналі пратэстоўцаў, выкарыстоўваючы для гэтага гранаты, аўтаматы, дубінкі і вадамёты. Праваабаронцы паведамляюць пра сотні затрыманых”, — гаворыцца ў паведамленні.
У акцыі салідарнасці 12 кастрычніка ўдзельнічаюць студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР), Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (МДЛУ), Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта (БДЭУ), Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (БДМУ) і інш.
У студэнцкім тэлеграм-канале „Мірны БДУІР” паведамляецца, што студэнты прайшлі маршам да галоўнага корпуса, дзе знаходзіцца рэктарат, каб моўчкі сядзець каля яго дзвярэй. „Вулічная плітка стыне пасля ўчарашніх збіцця і стральбы, але пажар нянавісці ў сэрцах беларусаў разгараецца ўсё больш з кожным ударам”, — адзначаецца ў канале.
Пасля таго як студэнты дайшлі да галоўнага корпуса, у тэлеграм-канале з’явілася паведамленне, што рэктарат закрыты.
У галоўным корпусе БДУ студэнты зладзілі сядзячую акцыю пратэсту. Яны пляскалі ў далоні, спявалі песні. Каля факультэта журналістыкі БДУ прайшла сумесная акцыя журфака і факультэта філасофіі і сацыяльных навук у знак салідарнасці з затрыманым напярэдадні выкладчыкам кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі, рэдактарам газеты „Універсітэт” Сяргеем Шафаловічам і ўсімі затрыманымі журналістамі.
Студэнты БДЭУ прайшлі па вуліцы маршам да галоўнага корпуса, пляскалі, скандавалі „Далучайся!”, „Верым! Мажам! Пераможам!”.
Студэнты МДЛУ хацелі правесці акцыю каля рэктарата ВНУ, але паверх, дзе знаходзіцца адміністрацыя, быў закрыты. Тады яны выстраіліся каля ўваходу ва ўніверсітэт з плакатамі са зваротам да рэктарата прыняць меры па абароне студэнтаў і выкладчыкаў ад каронавіруса, арганізаваць пляцоўку для свабоднага выказвання меркавання, выказацца пра гвалт з боку сілавікоў. Таксама яны трымалі плакаты з надпісамі „Дыялог, а не збіванне”, „Новыя сумленныя выбары”, „Вызваліце ўсіх палітвязняў”.
Супрацоўнікі міліцыі ў форме і масках здымалі студэнтаў на відэакамеру. У адказ тыя пачалі крычаць „Сыходзь!”, „Трыбунал!”, „Колькі каштуе сумленне?”.
Студэнты БДМУ правялі ва ўніверсітэце акцыю салідарнасці з затрыманымі ўрачамі і студэнтамі. Некаторыя з іх сабраліся каля цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у 1-м завулку Акрэсціна з плакатамі ў падтрымку затрыманага падчас студэнцкага чаявання 9 кастрычніка Станіслава Сенюковіча.
З 1 верасня ў найбуйнейшых ВНУ краіны практычна штодня праходзяць акцыі салідарнасці. Студэнты і выкладчыкі збіраюцца ўнутры будынкаў (на лесвічных пралётах, у холах), а таксама каля ўваходаў у навучальныя ўстановы. Яны запісваюць відэазвароты, спяваюць песні, апладзіруюць або стаяць моўчкі, некаторыя трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі і плакаты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
У сацсетках студэнты распавядаюць, што ў іх ВНУ і побач з імі перыядычна дзяжурыць міліцыя і сілавікі ў цывільным. Міліцыя здымае студэнтаў і выкладчыкаў, адбірае ў іх плакаты і сцягі, разганяе і затрымлівае, студэнтаў арыштоўваюць і штрафуюць.