Аршытаваных на 15 сутак берасцейцаў судзяць паўторна і дадаюць яшчэ 15
Пра гэта паведаміў мясцовы праваабаронца і прадстаўнік берасцейскай «Вясны» Уладзімір Вялічкін.
Усе арышты датычныя ўдзельнікаў пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбраў і гвалту сілавікоў, якія праходзяць у Берасці ўжо другі месяц запар.
– Сёння ў судзе Ленінскага раёна горада Берасця была разгледжана пяць адміністрацыйных спраў па артыкуле 23.34. Усе справы тычыліся людзей, якія ўжо былі пакараныя па 15 сутак кожны. Сярод іх і Ігар Бараноўскі. Гэта новая форма ціску ўладаў. Мала таго, што людзі атрымаюць па 72 гадзіны да суда, дык пазней яшчэ прыводзяць у суд і даюць яшчэ 15 сутак, каб яшчэ больш ціснуць на людзей, на псіхіку. Успамінаюць эпізоды, якія могуць на іх “наскрэбсці”, і па кожнаму эпізоду надаюць яшчэ па 15 сутак. Ёсць адзін хлопец, Клюкач Ціхан, які ад заўтра атрымае трэці прысуд 15-сутачны, і будзе яму ўжо 45 сутак. Гэта звычайная рэпрэсія, скіраваная супраць грамадзянскай супольнасці.
Пераважную большасць берасцейцаў пасля затрымання і арышту змяшчаюць у ізалятар часовага ўтрымання пры Ленінскім РАУС горада Берасця. Што праўда, бываюць і выключэнні, калі затрыманых і арыштаваных могуць адвезці ў суседнія райцэнтры.
***
Перадаць перадачу, альбо адправіць тэлеграму зняволеным можна на адрас згаданага ізалятара: 224001, Брэст, Паўночны гарадок 10, ІЧУ. Са спісам затрыманых і арыштаваных, які папаўняецца штотыдня, а часам часцей, можна азнаёміцца на сайце незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна». На тэрыторыі Беларусі спасылка на спіс зняволеных дасяжна праз VPN.
Беларускае Радыё Рацыя