Барэль: Апошнія падзеі дэманструюць поўную адсутнасць у Лукашэнкі гатовасці да перамоваў
Няма ні аднаго знака з боку ўладаў пра гатовасць да якога-небудзь дыялогу, заявіў вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль 12 кастрычніка на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета міністраў замежных спраў краін ЕЗ у Люксембургу. Трансляцыя прэс-канферэнцыі вялася на сайце Савета ЕЗ.
„Я распавёў міністрам пра маю тэлефонную размову з міністрам [замежных спраў Беларусі Уладзімірам] Макеем у мінулую пятніцу, — сказаў Барэль. — У гэтай гутарцы я зноў паўтарыў яму, што ЕЗ адзіны і падтрымлівае дэмакратычныя свабоды і правы беларускіх грамадзян. Я падкрэсліў, што мы гатовыя спрыяць пачатку шырокамаштабнага інклюзіўнага дыялогу ў Беларусі пры падтрымцы АБСЕ”.
Барэль адзначыў, што ў заяве, прынятай па выніках сённяшняй сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕЗ, зноў падкрэслілі, што Аляксандр Лукашэнка „страціў любую дэмакратычную легітымнасць, і далі старт падрыхтоўцы другога пакета санкцый, які будзе ўключаць і самога Лукашэнку”.
Прынятая сёння заява Савета міністраў замежных спраў — гэта, паводле заявы Барэля, „выразны сігнал беларускім уладам, што весці справы, як раней, у нашых адносінах больш не атрымаецца”.
„Учора і ў суботу мы зноў убачылі жорсткую, непрапарцыйную рэакцыю ўладаў у дачыненні да мірных дэманстрантаў. Няма ні аднаго знака з боку ўладаў пра гатовасць да якога-небудзь дыялогу, адмовіліся прыняць місію АБСЕ, — сказаў Барэль. — Некаторыя дзяржавы — члены ЕЗ прапанавалі дапоўніць спіс новымі імёнамі, уключаючы Лукашэнку. Усе ўдзельнікі пасяджэння ўхвалілі гэтую прапанову, разумеючы, што апошнія падзеі дэманструюць поўную адсутнасць з боку Лукашэнкі гатоўнасці да якіх-небудзь перамоваў або кантактаў, якія маглі б прывесці да дэмакратычнага і мірнага вырашэння сітуацыі ў Беларусі”.
На пытанне, ці ўпэўнены ён, што прыняцце новых санкцый не зойме тры месяцы, Барэль адказаў: „Так, я ўпэўнены. Я думаю, што структурныя перашкоды для гэтага пераадоленыя”.
Барэль таксама адзначыў, што ЕЗ пераглядае фінансавую дапамогу Беларусі з такім разлікам, каб аказваць дапамогу народу, выкарыстоўваючы арганізацыі грамадзянскай супольнасці і пазбягаючы дзяржаўных структур. Гэта датычыць і тых 53 млн еўра, якія ЕЗ выдзеліў Беларусі на барацьбу з пандэміяй каронавіруса, удакладніў ён.