Пра галоўных ворагаў



Пенсіянеры – вось хто стаў цяпер галоўным ворагам уладаў Беларусі. Спачатку былі апазіцыянеры, потым кандыдаты ў прэзідэнты, потым тыя, хто галасаваў, потым студэнты. А цяпер, як выйшлі пенсіянеры, ворагамі сталі яны. Падрыхтаваным байцам АМАПу і іншых ведамстваў, якіх трэніруюць для змагання са злачынцамі, акурат трэба баяцца ўсіх гэтых бабуль і дзядуль з іх хранічнымі хваробамі. Спраўды, у іх жа ў некаторых у руках ёсць сапраўдная зброя – кіёчкі. А некаторыя могуць і таблеткамі закідаць. Альбо якімі-небудзь танометрамі. На скрайні выпадак вітамінамі.

І вось у адказ на агрэсію з боку пенсіянераў міліцыя выкарыстала святлошумавыя гранаты і слезацечны газ. Як паведамілі ў прэс-службе УУС, гэта быў адказ на агрэсію пенсіянераў. Такое адчуванне, што міліцыянты ў Беларусі цукровыя. Іх можа напалохаць хто заўгодна. А асабліва пенсіянеры. У наступны раз міліцыя каго спалохаецца? Дрэваў і травы? А раптам ад іх таксама можа быць агрэсія. Альбо ветру і дажджу? А ўвогуле цікава, што ж гэта за падрыхтоўка такая ў АМАПаў, што яны баяцца жанчын і пенсіянераў? Ну, канешне. Пенсіянеры закідалі ў адказ машыны міліцыі… кветкамі. Чакаем ад прэс-службы УУС справаздачы, якія траўмы атрымала міліцыя ад кветак.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ