Глыбачане ўшанавалі памяць Язэпа Драздовіча



Глыбачане адзначылі 132-ія ўгодкі з дня нараджэння мастака, пісьменніка, педагога і этнографа Язэпа Драздовіча. Традыцыйна яны наведалі могілкі ў Ліплянях і “Алею славутых землякоў” у Глыбокім, дзе ўсталяваны бюст мастака.

На могілках глыбоцкія актывісты ўсклалі кветкі да помніка славутага земляка, а паэтка Марыя Баравік прадэкламавала свой верш “Плошча”. Яна напісала яго пад уплывам апошніх падзеяў у Беларусі, ён закранае тэму свабоды, волі і годнасці беларусаў:

– Неяк заўсёды ўжо стала, як толькі падыходзіць гэты дзень, то абавязкова я пішу нейкі верш. Але сёння я напісала шмат, бо час такі. Хвалюешся. І тое, што адбываецца ў нас, яно праходзіць праз душу паэта.

Разам з глыбачанамі даніну памяці мастаку аддала і віцяблянка Алена, якая была ўпершыню ў родных мясцінах Язэпа Драздовіча:

– Я вельмі задаволеная, што я ўсё ж такі трапіла на могілкі, паглядзела на памятны знак яму – і на могілках, і ў Глыбокім бюст на алеі.

Дзякуй людзям, якія ўсё ж такі падтрымліваюць гэтую памяць пра яго, ушаноўваюць і перадаюць культуру, якую ён прынёс сваім нашчадкам.

Язэп Драздовіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі Дзісенскага павету, цяпер Глыбоцкага раёна. Памёр 15 верасня 1954 у гарадскім пасёлку Падсвілле Глыбоцкага раёна ва ўзросце 65 год, пахаваны на могілках у Ліплянях.

Вядомы як беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог, пісьменнік.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя