Адвакаты Бабарыкі расказалі пра яго ўдзел у размове Лукашэнкі з палітзняволенымі
Адвакаты экс-банкіра і экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі распавялі БелаПАН пра яго ўдзел у размове Аляксандра Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ 10 кастрычніка.
Абаронцы Аляксандр Пыльчанка, Наталля Мацкевіч і Дзмітрый Лаеўскі наведалі Бабарыку ў зняволенні 12 і 13 кастрычніка.
Адвакаты падкрэслілі, што, на думку экс-кіраўніка „Белгазпрамбанка”, суботнюю сустрэчу назваць дыялогам нельга. „Перш за ўсё таму, што дыялог прадугледжвае роўнасць удзельнікаў з пункту гледжання іх знаходжання на волі, у дадзеным жа выпадку гэтага не было — сам Бабарыка і іншыя ўдзельнікі сустрэчы знаходзяцца ў СІЗА. Акрамя таго, дыялог павінен суправаджацца роўным доступам яго ўдзельнікаў да інфармацыйнага поля, што таксама немагчыма пры знаходжанні чалавека пад вартай. І трэцяе — за сталом павіннае быць значна больш шырокае кола прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці”, — адзначыў Лаеўскі.
Таму, падкрэсліў ён, ніякіх дамоўленасцяў падчас сустрэчы не дасягнута.
„Бабарыка лічыць, што дыялог магчымы, але пры пэўных умовах, першая з якіх — вызваленне ўдзельнікаў сустрэчы з-за кратаў. Акрамя таго, Віктар Бабарыка падкрэслівае, што памятае пра ўсіх іншых палітычных зняволеных і без іх вызвалення таксама немагчымае вядзенне дыялогу”, — сказаў адвакат.
Пазіцыя Бабарыкі па палітычных пытаннях, нягледзячы на доўгае зняволенне, не змянілася, падкрэсліў абаронца.
Удзельнікі сустрэчы не перадавалі нікому паўнамоцтваў (у прыватнасці, актывісту штаба Бабарыкі Юрыю Васкрасенскаму) весці дыялог ці гаварыць ад іх імя. „Акрамя таго, спадар Васкрасенскі не быў членам штаба Бабарыкі, як і іншыя каардынатары па раёнах, ён не належаў да кола асоб, якія прымалі рашэнні, і ніколі не атрымліваў ад Бабарыкі якіх-небудзь даручэнняў, як і не вёў з Бабарыкам індывідуальных размоў. Таму Васкрасенскі — не ўпаўнаважаная асоба”, — адзначылі адвакаты.
Суботняя сустрэча Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ доўжылася больш за чатыры гадзіны. Акрамя Віктара Бабарыкі на ёй прысутнічалі яго сын, кіраўнік перадвыбарнага штаба Эдуард Бабарыка, паліттэхнолаг Віталь Шкляраў, медыятар Лілія Уласава, юрысты Максім Знак і Ілья Салей, палітолаг і актывіст Юрый Васкрасенскі, дырэктар ІТ-кампаніі PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч, бізнесмен, сузаснавальнік інтэрнэт-выданняў kyky.org і The Village Belarus, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і „Галерэі Ў” Аляксандр Васілевіч, Кірыл Бадзей, які займаў да арышту пасаду в.а. старшыні праўлення „Белгазпрамбанка”, Сяргей Дабралёт, былы намеснік старшыні праўлення „Белгазпрамбанка”, і Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар youtube-канала „Краіна для жыцця”, муж экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
Інфармацыю аб сустрэчы распаўсюдзіў спачатку блізкі да Лукашэнкі тэлеграм-канал „Пул Першага”, а пазней — дзяржаўныя тэлеканалы. „Мэта прэзідэнта — пачуць меркаванні ўсіх. Зрэшты, змест гутаркі ўдзельнікі агульным рашэннем пакінулі ў таямніцы”, — гаварылася ў паведамленні.
У той жа дзень, 10 кастрычніка, Ціханоўскаму ўпершыню за чатыры месяцы далі магчымасць стэлефанавацца з жонкай, якая вымушана знаходзіцца за мяжой.
Увечары 11 кастрычніка стала вядома, што Юрыю Васкрасенскаму і Дзмітрыю Рабцэвічу змянілі меру стрымання са знаходжання пад вартай на хатні арышт. Пасля вызвалення Васкрасенскі ў інтэрв’ю тэлеканалу „Беларусь 1” заявіў, што „ўлада не толькі гатова да дыялогу на словах, але і на справе”. Ён адзначыў, што яму даручана пачаць падрыхтоўку альтэрнатыўных прапаноў па змяненні Канстытуцыі, а таксама прапанавана „падрыхтаваць свае думкі з нагоды далейшых крокаў з боку ўлады па вызваленні шэрагу асоб, якія не так грамадска небяспечныя для нашай краіны, як здаваліся на першым этапе”.