Менчука, які дарыў кветкі жанчынам, брутальна пабілі ў РУУСе



Раніцай 13 кастрычніка разам з жонкай затрымалі аднаго з уласнікаў менскай крамы «Первый цветной» Максіма Харошына.

Мужчыну брутальна пабілі пры затрыманні і пасля ў РУУС, так што адразу з міліцыі адправілі ў шпіталь. Пра гэта піша Tut.by са спасылкай на яго жонку Кацярыну. У МУС сітуацыю не каментуюць.

Ужо вядома, што ў максіма чэрапна-мазгавая траўма, пералом носа, пашкоджанне пляча і і мяккіх тканін.

Адвакатка Харошына Юлія Леванчук кажа, што ёй адмовіліся паведаміць месца знаходжання кліента па прыездзе ў РУУС з усімі неабходнымі дакументамі:

– Меркаваць або гадаць, у сувязі з чым да яго прымянялася ўсё гэтае варварства – ні Максім, ні я не можам сказаць.

Мы пакінулі скаргу ў кнізе скаргаў і прапановаў. Пасля таго, як будуць гатовыя хаця б першасныя медыцынскія дакументы, мы адразу ж звернемся са скаргай і ўсімі доказамі ў частцы фота, відэа, медыцынскімі даведкамі, відэа затрыманні і відэа, як яго выводзілі з Першамайскага РУУСа, у Следчы камітэт з мэтай прыцягнення асобаў да ўстаноўленай законам адказнасці, паколькі мы мяркуем, што ў адносінах да яго быў прыменены такі жорсткі гвалт.

Максім Харошын удзельнічаў у мірных маршах і дарыў кветкі жанчынам падчас акцый пратэсту. Маці Максіма сказала, што даведалася пра затрыманне і збіццё ад свайго сярэдняга сына, які жыве ў Санкт-Пецярбургу.

«Заўтра дзень маці, заўтра Пакроў. І вось такі падарунак зрабілі мне, маці», — сказала жанчына.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота са старонкі Максіма Харошына ва «Укантакце»