У Пінску разбіраюцца з парушэннямі правілаў утрымання ў ІЧУ
У Пінску адбудзецца сустрэча прыхільнікаў перамен з намеснікам старшыні гарадскога Савета дэпутатаў. Актывісты, якія адбылі адміністрацыйны арышт у пінскім ізалятары за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах, маюць намер распавесці пра антысанітарныя ўмовы ва ўстанове. Асаблівая ўвага на наяўнасць вялікай колькасці клапоў, якія наўпрост заядаюць зняволеных.
Па словах Анатоля Ваткевіча, калі праблема набыла грамадскі розгалас, у ізалятары пачаліся невялікія зрухі:
– На колькі нам вядома, па нашай інфармацыі, ужо пачалі сваімі сіламі наводзіць у ІЧУ парадак. Ужо даюць мыла, даюць прасціны, як патрэбна. Таму што мы знаёміліся з унутраным дакументам па МУС Рэспублікі Беларусь, ёсць пастанова, у якой дакладна ўказаны правілы ўтрымання.
Пінскім актывістам, на калектыўную скаргу, ужо далі адказ з Берасцейскага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў – вышэйшае міліцэйскае кіраўніцтва сцвярджае, што ўмовы годныя. Санітарныя службы гатовыя правесці дэзынфекцыю, калі Пінскі ГАУС складзе з імі дамову.
Беларускае Радыё Рацыя