Сама галоўнае



Беларусь працягвае ўпісваць у сусветную гісторыю змагання за свабоду ўсё новыя і нязвыклыя старонкі, якіх дагэтуль тая гісторыя не ведала. Ну а як па іншаму можна ахарактарызаваць сустрэчу з вязнямі ў засценках турмы ў Мінску, дзе фактычны трымальнік улады ў Беларусі правёў працоўнае абмеркаванне важнейшых дзяржаўных пытанняў з некаторымі палітзняволенымі прама ў той турме?! Вось гэта дык нарада! Ну дзе яшчэ такое было?! Але трэба прызнаць, што нейкая логіка ў выбару месца сустрэчы ўсё ж прысутнічае. Калі паўсюдна турма, то якая ўжо розніца дзе сустракацца.

Нельга лічыць выпадковасцю, што месца за круглым перамоўным сталом хапіла не ўсім. Але падбор менавіта гэтага складу суразмоўцаў пакуль застаецца таямніцай. Не было там і нацыянальна-хрысціянска арыентаванага Паўла Севярынца, ні радыкальнага і бескампраміснага Мікалая Статкевіча, ні, нават, бяспашпартнай Марыі Калеснікавай. Не было і яшчэ многіх з шырокага кола арыштантаў, колькасць якіх у засценках па ўсёй краіне працягвала расці нават пад час таго гістарычнага спаткання. Бо сілавыя ведамствы не спыняюць пакуль што свайго рэпрэсіўнага канвееру ні ў дзень, ні ў ночы, ні пад час гістарычных сустрэч зняволеных за круглым турэмным сталом.

Ну а пасля абмеркавання нейкіх там пытанняў, якія так і не былі агучаныя для шырокіх мас, усе перамоўшчыкі зноў разышліся па сваіх камерах. І нават арганізатар гэтай сустрэчы таксама паехаў у сваю, дзе як і ўсе астатнія зняволеныя правёў рэшту ночы пад моцнай аховай.

Чаму ён прыехаў у турму КГБ на гэтую сустрэчу, а не прывёз вязняў у сваю рэзідэнцыю, застаецца сама вялікай загадкай ад гэтага спаткання. Усё іншае, хіба што, збольшага зразумела. Зрэшты, розніцы вялікай няма. Ну, бытавыя ўмовы ў яго значна лепшыя, чым у турме, вядома ж. Але ўсё астатняе, высокія платы, моцныя краты, навейшая сігналізацыя, бязлітасная і жорсткая ахова ды немажлівасць уцячы з абмежаванай тэрыторыі без рызыкі для жыцця, усё прыкладна такое ж. Турма яна і ёсць турма.

Сяргею Ціханоўскаму далі пагаварыць праз тэлефон з жонкай. Сама ж Святлана Ціханоўская непасрэдна перад гэтымі падзеямі сустракалася з Макронам і Мэркель. Усёй тэматыкі іх размоў мы не ведаем, але пасля сустрэч з гэтымі вядучымі еўрапейскімі палітыкамі ў адным з інтэрв’ю Ціханоўская заявіла, што не супраць пагаварыць з Пуціным пра вырашэнне крызіснай сітуацыі ў Беларусі. І яна нават хоча, каб той далучыўся да нейкага там перамоўнага працэсу ў якасці…

Ды якая розніца ў якой якасці?! Пуцін, як мы добра ведаем і памятаем, хоча Беларусь далучыць да Расіі часткамі або цалкам, і іншых варыянтаў не разглядае. І не будзе разглядаць. Ну а спадзявацца выкарыстаць яго ў сваіх інтарэсах пакуль што не ўдавалася нікому. І тыя Макрон з Мэркель ужо саступілі яму на ўсіх перамоўных пляцоўках усё што можна і працягваюць саступаць. Таму да іх парадаў варта ставіцца даволі скептычна. Старая мудрасць падказвае, што шулеру прайграеш ужо тады, калі сядаеш з ім за ігральны стол. Спадзевы перайграць або выкарыстаць у сваіх інтарэсах сённяшняга расейскага кіраўніка ёсць паказчыкам абсалютнай дэзарыентацыі ў рэальнасці ўсіх, хто далучыўся да стварэння гэтага абсурднага плану.

Ды і месца галоўнага перамоўшчыка з Пуціным па пытаннях Беларусі ўжо даўно занятае. І каб на яго прэтэндаваць, трэба прапанаваць Уладзіміру Уладзіміравічу нашмат больш, чым папярэдні перамоўшчык.

Яшчэ да пачатку выбараў, на старонках “Нівы” №30 (3350) у сваім фельетоне ад дваццаць шостага ліпеня “Ці магчымыя змены” Міхась Андрасюк падзяліўся сваімі ўражаннямі пра кандыдатаў і пастараўся абудзіць у чытачоў адну вельмі важную развагу. Андрасюк тады заявіў, што канешне можа ўявіць Святлану Ціханоўскую прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Нават з радасцю. Але вось прадставіць яе раўнацэнным супернікам на палітычным рынгу, прыкладам, Уладзіміру Пуціну, тут у аўтара ўяўленне падводзіла.

Трэба з горыччу прызнаць, што пакуль што лік адзін нуль на карысць Пуціна. І калі такая гульня, якую навязалі бяздарныя дарадцы прадстаўніцы беларусаў, якую абраў Час, Лёс і Народ будзе працягвацца, то нуль застанецца нулём, а вось з другога боку лічба будзе расці ў геаметрычнай прагрэсіі.

Няўжо яшчэ ёсць такія дарадцы, да каго не дайшло, што стаўку рабіць можна толькі на беларускі народ? Толькі! Гэты народ тысячу разоў ужо падманвалі, прадавалі, дзялілі, спрабавалі асіміляваць, пазбавіць гістарычнай памяці, вырадзіць… І гэта засталося ў яго генетычнай памяці і зараз дазваляе прымаць правільныя калектыўныя рашэнні. Ён увесь час адраджаўся як птушка Фенікс. І зараз важным ёсць тое, што ў Беларусі ўжо абудзілася і адрадзілася грамадзянская супольнасць, і што старадаўні народ зноў стаў сам выкарыстоўваць сваю даўнюю здольнасць да прыняцця калектыўнага рашэння ад свайго імя. І гэта ўжо ні ў каго не выклікае сумневу. І што самае важнае, зыходзячы з досведу двухмесячнага супрацьстаяння мірнага народу і ўзброенай улады, ні ў каго ўжо больш ніколі і не ўзнікне гэтых сумневаў ва ўсёй гістарычнай перспектыве.

Беларускі народ даказаў усім, а найперш самому сабе, што ён умее кантраляваць сам сябе і свае паводзіны ў вельмі шырокай масе людзей. За два месяцы мірнага супрацьстаяння, калі вуліцамі беларускіх гарадоў, і на захадзе, і на ўсходзе краіны, і ў сталіцы, праходзілі сотні і сотні тысяч людзей з бела-чырвона-белымі сцягамі, не было нават аніводнай разбітай вітрыны. Акрамя той, якую растаўклі сілавікі. Народ даказаў свае здольнасці да самакантролю і самакіравання, якія яскрава выявіліся на мірных пратэстах. І па ўсім бачна, што можа даказаць сваю здольнасць да вядзення любога сцэнару і любых перамоў які сам і вызначыць у залежнасці ад патрэбы. Бо тыя, хто так доўга могуць трымаць мірны пратэст дакладна здольныя самаарганізавацца для рэалізацыі ўсялякіх іншых задач. Бо менавіта мірны пратэст трымаць найцяжэй.

Хоць зараз усё часцей у беларускім грамадстве пачынаюць блукаць сумневы, а ці не занадта яны мірныя, тыя беларускія пратэстоўцы? Ці не ёсць злачынствам такое глабальнае несупрацьстаянне злу? Ці не прадугледжвае змаганне за справядлівасць большых патрабаванняў ад другога боку? Бо ўжо атрымалі ўдар і па другой шчацэ, якую беларускае грамадства падставіла ўладам трымаючыся хрысціянскай філасофіі. І дасталі не адзін раз. І ці не абуджае такое несупрацьстаянне злу сілай ў другога боку пачуццё беспакаранасці і прагі пераступаць закон? Ці не спрыяе такая мірнасць павелічэнню злачынстваў з другога боку?

А ў гэты час улады і сілавыя структуры з усіх сіл правакуюць грамадства. Вось і зараз, адразу пасля незразумелай суботняй нарады з вязнямі ў турме, пасля якой многія спадзяваліся на адлігу і пачатак перамоўнага працэсу ўладаў з грамадствам, на мірнай нядзельнай акцыі супраць пратэстоўцаў зноў быў выкарыстаны шырокі арсенал спецсродкаў. І светлашумавыя гранаты, і вадамёты, і страляніна, і галоўны аргумент уладаў, АМАП з дубінамі. Людзей разганялі, білі, запіхалі ў аўтазакі, затрымлівалі, правакавалі, хапалі дзе толькі маглі. І ў Менску, і ў Гародні, і ў іншых гарадах Беларусі.

Але людзі збіраліся зноў і зноў, падымалі бела-чырвона-белыя сцягі і працягвалі ісці. Проста ісці, каб чарговы раз задэкляраваць, што яны настойваюць на сваім, на справядлівасці, на праўдзе, на чэснасці. Беларусы ідуць, каб паказаць, што яны адзіны народ, які больш нікому не дазволіць вырашаць свой лёс. Ніякія замежныя пасрэднікі ў ніякіх перамовах, а тым больш тыя, хто будзе прымаць за яго рашэнні яму больш не патрэбныя. Ён сам будзе рашаць свае праблемы і будаваць сваю будучыню…

І вось яшчэ адна важная гісторыя.

У нядзелю з раніцы, акурат перад пачаткам мірных акцый пратэсту мне пазваніла сталага веку жанчына.

– Мне падказалі ваш тэлефон, – пачала тлумачыць яна прычыну званка. – Мне сказалі, што вы дапамагаеце людзям. Дапамажыце і мне.

– Так, – адказваю я, мяркуючы, што чалавеку трэба наша праваабарончая дапамога. – Мы як праваабаронцы даём юрыдычныя кансультацыі і аказваем іншую пасільную падтрымку.

– Мне трэба іншая дапамога, – перабівае яна мяне. – Мне трэба даведацца, дзе сёння збіраюцца людзі на акцыю? Бо я старая, у мяне баляць ногі, я не магу аблётаць увесь горад каб знайсці іншых, а ўжо каторы тыдзень хачу далучыцца да акцыі. Каб хоць зараз, на старасці гадоў, адчуць сябе чалавекам і пачуць сябе годна.

Пасля гэтых слоў імгненна завіравалі ўсе пачуцці душы. Беларусы абудзіліся каб адчуць сябе людзьмі і народам. Зараз вось гэта і ёсць самае галоўнае.

Віктар Сазонаў

 

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ