Праваабаронца Раман Юргель: Міліцыянты дзейнічаюць жорстка



Гарадзенскі прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Раман Юргель канстатуе, што міліцыя ды АМАП дзейнічаюць жорстка, не зважаючы на ўзрост, забіраючы за краты й студэнтаў, й пенсіянераў.

Кажа Раман Юргель:

– Мы бачым, што АМАП не толькі супраць студэнтаў выступае брутальна і жорстка, але таксама і супраць пенсіянераў. Таксама былі жорстка затрыманыя каля дзясятка пенсіянераў у Гародні і завезеныя ў Ленінскі РАУС, нягледзячы на тое, што там былі і інваліды, і людзі вельмі сталага ўзросту. І на гэта міліцыянты не паглядзелі.  

Праваабаронца лічыць, што штодня ўлады Гародні будуць спрабаваць паказаць “свае кулакі”:

– Гэта паказчык іх моцы і сілы. Што яны ёсць, што яны не толькі вечарам будуць выходзіць на нейкія акцыі і ўсіх хапаць, а што яны ёсць цэлымі днямі. Каб людзі баяліся выходзіць і днём, і вечарам на мірныя пратэсты. Гэта як псіхалагічнае папярэджанне жыхароў Гародні.

Па словах Рамана Юргеля, псіхалагічны ціск на жыхароў будзе кожны дзень толькі ўзмацняцца.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня