У Польшчы пабіты чарговы эпідэмічны рэкорд
Міністэрства аховы здароўя Польшчы паведаміла пра 6526 новых выпадкаў заражэння каронавірусам Sars-Cov-2. Гэта самы вялікі сутачны прырост з пачатку эпідэміі. У ведамстве таксама паведамілі, што ад гэтай хваробы памерлі яшчэ 116 пацыентаў, што таксама з’яўляецца сутачным рэкордам. У сувязі з успышкай эпідэміі Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне тэрмінова правесці курсы перакваліфікацыі для часткі медыкаў, паведаміў прэсавы сакратар ведамства Войцех Андрусевіч:
– Усе нашыя намаганні канцэнтруюцца на тым, каб кожны апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх быў укамплектаваны медычным персаналам. Мы прынялі рашэнне правесці дадатковыя курсы для медсёстраў, якія будуць працаваць у рэанімацыйных аддзяленнях.
З пачатку эпідэміі ў Польшчы былі пацверджаны амаль 142 тысячы выпадкаў заражэння каранавірусам. 3217 чалавек у выніку памерлі.
Беларускае Радыё Рацыя