Дзве беларускія арганізацыі ў Варшаве адначасна правялі асобныя прэс-канферэнцыі
Дзве беларускія арганізацыі ў Варшаве правялі дзве асобныя прэс-канферэнцыі амаль у адзін час. Першую аб 11-00 ладзіў Цэнтр беларускай салідарнасці, яна тычылася гуманітарных візаў. Другую аб 11-30 пачаў Беларускі дом, тут гаворка вялася пра акцыю з паштоўкамі да Дня маці. У абодвух мерапрыемствах прынялі ўдзел чальцы прэзідыуму Каардынацыйнай Рады й прадстаўнікі польскіх уладаў. Чаму так атрымалася? Кажа старшыня Беларускага дому Алесь Зарэмбюк:
– Я першы раз чую пра тое, што была яшчэ нейкая прэс-канферэнцыя. Мы са свайго боку сустракаемся з прадстаўнікамі ўсіх палітычных сілаў, усіх палітычных партый, таму што ведаем, што такое рашэнне можа прыняць толькі польскі парламент.
Алесь мае на ўвазе змены ў заканадаўстве, якія дадуць беларусам магчымасць працаваць у Польшчы на падставе гуманітарнай візы.
У сваю чаргу прэзідэнт праўлення ЦБС Уладзь Кобец запэўнівае, што ня лічыць Беларускі дом канкурэнтам:
– Я не ведаю, чаму так атрымалася. Мы прызначылі час канферэнцыі яшчэ на тым тыдні, і разаслалі журналістам. У нас дзень быў абраны ў сувязі з тым, што мы хацелі мець і прадстаўнікоў Сейма, і мы хацелі, каб удзельнічаў праз інтэрнэт Павел Латушка з Вільні. Таму мы гэты час узгаднялі з удзельнікамі прэс-канферэнцыі яшчэ на мінулым тыдні.
Што тычыцца пытання з гуманітарнымі візамі для беларусаў, то падобна, што яно будзе вырашанае Сеймам напрыканцы кастрычніка.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя