Пра тое, хто ва ўсім вінаваты
Кіраўнік БПЦ мітрапаліт Веніямін параіў не выконваць “Магутны божа” ў цэркавах. Маўляў, гэты спеў падзяляе грамадства. Я думала, што грамадства падзяляюць цяпер зусім іншыя людзі. Напрыклад, тыя, каму нядаўна Веніямін узнагароды ўручыў. А аказваецца, на думку царкоўніка, ва ўсім вінаваты “Магутны божа”, які напісала Наталля Арсенева ў мінулым стагоддзі, а тэкст на музыку паклаў Мікола Равенскі. Вось, аказваецца, што падзяляе беларускае грамадства.
Такое адчуванне, што ў песні “Магутны божа” спяваецца, не пра тое, каб краіна стала шчаслівай, а пра нейкія заклікі да нечага нядобрага. Хаця, можа быць, для кагосьці просьба, каб беларускі народ стаў свабодным і шчаслівым, з’яўляецца чымсьці кепскім. У любым разе незразумела, як, напрыклад, радок “Над Беларусяй, ціхай і ветлай, / Рассып праменні свае хвалы” можа падзяліць народ. Мітрапаліту Веніяміну трэба было патлумачыць, што менавіта ў вершы Арсеневай “Магутны божа” падзяляе беларусаў. Можа быць, справа не ў тэксце, а ў тым, што адбываецца навокал. Можа быць, мітрапаліту ўсё-такі варта паглядзець шырэй на свет і ўзгадаць пра катаванні ў РАУСах і СІЗА, пра няпраўду па тэлевізары, пра палітычных зняволеных, а не пра тое, што “Магутны божа” падзяляе народ.