Юлія Сліўко: Пакаралі за выступ на жнівеньскім мітынгу



Гарадзенская актывістка, кіраўніца страйкаму “Гроднапрамбуд” Юлія Сліўко пакараная штрафам 540 рублёў за выступ на мітынгу, які адбыўся амаль 2 месяцы таму – 19-га жніўня.

Для Юліі, якая зараз сядзіць без працы, – гэта вялікія грошы:

– Для  мяне зараз гэта вялікая сума, бо пры разглядзе маёй справы не ўлічвалася ні тое, што я зараз беспрацоўная, ні што я маці-адзіночка, якая выхоўвае непаўнагадовае дзіця. Зразумела, я гэта буду спрабаваць абскардзіць. Але штраф выплочваць усё роўна прыйдзецца.

Юлія Сліўко амаль штодня атрымлівае пагрозы з боку праваахоўных ворганаў, якія прыходзяць да яе нават уночы:

– Зусім нядаўна перад судом у дзве гадзіны ночы з’явіліся незразумелыя людзі, якія прадставіліся супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Яны спрабавалі выламаць дзверы. Напалохалі мяне і дзіця. Але пасля таго, як я сказала, што мне трэба ведаць іх дадзеныя для таго, каб праверыць, ці з’яўляюцца яны супрацоўнікамі праваахоўных органаў, яны адзін раз стукнулі ў дзверы, паспрабавалі яе выбіць, але ў іх не атрымалася. І на гэтым ўсё і скончылася, і яны адразу сышлі.

Па словах Юліі Сліўко, апроч міліцыі яе таксама турбуюць прадстаўнікі ўпраўлення Следчага камітэта па Гарадзенскай вобласці, і некалькі разоў выклікалі жанчыну на допыт. 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня