Хакеісты „Дынама-Маладзечна” саступілі „Шахцёру”
Хакеісты „Дынама-Маладзечна” саступілі „Шахцёру” ў матчы чэмпіянату Беларусі. Паядынак завяршыўся ў дадатковы час з лікам 2:3. Са стартавага свістка „гарнякі” пачалі атакі і ўжо на другой хвіліне сустрэчы святкавалі поспех. Шайбу закінуў Даніла Карабань. Маладзечанцы адыграліся праз тры з паловай хвіліны. Трапным кідком вызначыўся Кірыл Нікулін. Да перапынку лік не змяніўся. У другой трэці матчу каманды зноў абмяняліся шайбамі. Аднак на гэты раз першымі вызначыліся гаспадары лёду: Вячаслаў Грэцкі, якому асіставалі Павел Капыцін і Аляксандр Сувораў. „Шахцёр” адыграўся сіламі Мікіты Рэмезава. У трэцім перыядзе каманды па чарзе пагражалі брамцы адна другой, чаргуючы перыяды актыўнасці з гульнёй ад абароны. Аднак да фінальнай сірэны лік не змяніўся. У авертайме ж поспех ўсміхнуўся камандзе з Салігорска. Вызначыўся Мікіта Рэмезаў, які аформіў галявы дубль. Што тычыцца астатніх паядынкаў гульнявога дня чэмпіянату краіны, то „Гомель” буйна абыграў аршанскі „Лакаматыў” – 4:1, а „Металург-Жлобін” апынуўся мацней за „Магілёў” – 5:4.
Нападнік Ілля Літвінаў падпісаў пробны кантракт з менскім „Дынама”
22-гадовы нападнік Ілля Літвінаў далучыўся да „зуброў”, падпісаўшы пробны кантракт. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт каманды. Ён пачаў сезон у „Дынама-Маладзечна” і ў 11 матчах адзначыўся 5 (2 + 3) баламі. Раней форвард ужо выступаў за мінскае „Дынама”: у сезоне 2018/19 правёў 49 матчаў, набраў 2 (1 + 1) балы. Таксама ў яго кар’еры былі мінскае „Юнацтва” і салігорскі „Шахцёр”.
Віктар Мозэс перайшоў з „Чэлсі” у маскоўскі „Спартак”
Паўабаронца Віктар Мозэс працягне кар’еру ў маскоўскім „Спартаку”.
„Віктар перайшоў з« Чэлсі» на правах арэнды да канца сезона-2020/2021 з магчымасцю выкупу. Вітаем яго ў чырвона-белай сям’і і жадаем ярка праявіць сябе ў нашай камандзе!” – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы „Спартака”. У мінулым сезоне Мозэс выступаў за міланскі „Інтэр” на правах арэнды. 29-гадовы хаўбек прыняў удзел у 17 матчах за італьянскі клуб ва ўсіх турнірах. Футбаліст раней выступаў за „Крыстал Пэлас”, „Ліверпуль”, „Вэст Хэм”, „Фенербахчэ”. З 2012 па 2018 год выклікаўся ў зборную Нігерыі.
Эквадорскі гоншчык Хонатан Нарвайес выйграў 12-ы этап „Джыра д’Італія”.
Эквадорскі гоншчык Хонатан Нарваес з веладружыны INEOS выйграў 12-ы этап „Джыра д’Італія-2020”. Лацінаамерыканскі спартовец пераадолеў адлегласць у 204 км у ваколіцах горада Чэзенаціка на Адрыятычным узбярэжжы Італіі за 5 гадзін 31 хвіліну 24 секунды. Другое месца заняў ўкраінскі гоншчык з Bahrain-McLaren Марк Падун, які саступіў пераможцу 1 хвіліну 8 секунд. Трэцяе месца пакінуў за сабой аўстраліец Сайман Кларк з EF Pro Cycling. У генеральнай класіфікацыі змяненняў па-ранейшаму не адбылося. Ружовая майка лідара належыць партугальцу Жаау Алмэйда з Deceuninck – Quick Step – 49 гадзін 21 хвіліна 46 секунд.
Беларускае Радыё Рацыя
