Святлана Куль-Сяльверстава: Эліта знаходзіцца пад ударам
Палітычна рэпрэсаваныя беларусы, якія звязваюць сваё жыццё з адукацыяй і доследамі могуць вярнуцца да нармальнага жыцця, але, на жаль, пакуль не ў Беларусі, а з дапамогай адмысловых праграм у Рэспубліцы Польшчы. Найбольш вядомыя, гэта праграма імя Кастуся Каліноўскага для студэнтаў, даследчыкаў, пацярпелых фізічна.
„Госць Рацыі” прафесар Святлана Куль-Сяльверстава дапамагла разабрацца ў адукацыйных праграмах:
– Сённяшняя сітуацыя найбольш б’е менавіта па гуманітарных сферах. Рэжым стараецца выкінуць з Беларусі і пазбавіць аўдыторыі менавіта гуманітарыяў, якія найбольш небяспечныя. Інфарматыкаў зачапіла, біёлагаў, эканамістаў, прававедаў, матэматыкі БДУ выступілі – таксама там рэпрэсіі пачаліся. Я сачу за гэтай сітуацыяй і бачу, што ўся інтэлектуальная эліта так ці інакш пад ударам знаходзіцца.
РР: Калі паўстала праграма Каліноўскага, то шмат хто вырашыў застацца ў Польшчы.
– Я працавала з каліноўцамі, ведаю асяроддзе і ведаю каліноўцаў, якія зараз у Беларусі. Цана пытання – наша перамога. Я ведаю настрой у людзей, нават такое пытанне было. Скажам, працэнтаў 70 з тых, хто закончыў праграму Каліноўскага, хто вучыўся ў Польшчы і там зараз працуе, усё ж такі плануюць вярнуцца. Калі будзе магчымасць працаваць для Беларусі на новую Беларусь, 30% застанецца, бо там ужо і сем’і і праца прэстыжная, перспектывы ёсць. Як правіла настальгію ніхто не адмяняў. Патрыятызм гэтых студэнтаў, хто прайшоў праграму Каліноўскага, ён канешне высокі. Ну я можа быць аптымістка, але ва ўсякім выпадку тое, што я бачыла, што я чула, што я назірала сярод каліноўцаў, калі ў Варшаве працавала, калі з імі сустракалася неаднойчы, такая пазіцыя ёсць. Калі мы пераможам, будуць перспектывы ўваходжання Беларусі ў еўрапейскую супольнасць, тады якая розніца. Мабільнасць у Еўропе вельмі высокая, гэта па-першае. Па-другое, гэта тэхналогіі. Можна рабіць, як я зараз працую, я выкладаю дома з камп’ютара, бо тут каранцін. Лекцыі я раблю дыстанцыйна, праз кампутар. Тады якая розніца, дзе жыць, або працаваць для Беларусі.
РР: Зараз вядзецца размова пра стварэнне беларускага ўніверсітэта.
– Маю інфармацыю з першых рук. Яшчэ ў 2018 годзе быў праект адкрыцця віртуальнага ўніверсітэта для беларусаў. Прычым там было некалькі кірункаў – гэта IT-тэхналогіі, менеджмент і гуманітарны блок. Гэта праект Аляксандра Мілінкевіча, яны апрацоўвалі яго разам з Маліцкім на базе Цэнтра студыяў Усходняй Еўропы пры Варшаўскім універсітэце. У мяне інфармацыя з першых рук, бо я ў кантакце з Мілінкевічам і Маліцкім, гэты праект рушыў, то бок ён будзе прафінансаваны. І нават спадзеў ёсць, што да новага года ён пачне працаваць. Адзінае, што было закладзена ў 2018 годзе, адысці ад гэтага пакуль што нельга, усё ж такі большасць выкладчыкаў там будзе з тых, хто жыве ў Польшчы. Гэта адзін праект, другі праект больш амбітны можна сказаць. Ёсць праект стварэння ўласнага беларускага ўніверсітэта, дзе будуць выкладчыкі, дзе будзе віртуальная платформа для выкладання тых выкладчыкаў, якія жывуць у Беларусі. Каб у іх быў доступ да аўдыторыі, перш за ўсё звольненых. На сённяшні дзень мы ўжо маем згоду фонда Okno na Wschód, у якога ёсць свая платформа, ёсць свой сервер і досвед васьмігадовай дыстанцыйнай працы выкладання. Мы маем папярэднюю згоду на фінансаванне гэтага праекта, ужо папярэднія размовы праведзеныя з адукацыйнымі ініцыятывамі ў Беларусі, якія падтрымалі гэтую ідэю.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня