42 гады таму на Апостальскі пасад узышоў Ян Павал ІІ



42 гады таму на святы пасад быў пакліканы кардынал Караль Вайтыла – першы за 450 гадоў папа, які не з’яўляўся італьянцам. Для сябе ён абраў імя Ян Павал Другі.

Ягоная дзейнасць спрычынілася да вялікіх станоўчых зменаў у Беларусі: аднаўлення хрысціянскага жыцця, разбурэння камуністычнай ідэалогіі. Была створаная Гарадзенская дыяцэзія, як частка былой  Віленскай архідыяцэзіі, менавіта за яго пантыфікатам.  Кажа дапаможны біскуп Гарадзенскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі Язэп Станеўскі:

– Калі ён паклікаў да жыцця новыя дыяцэзіі, структыры касцёла на Беларусі, таксама асабліва цікавіўся, як тут жыве і развіваецца Касцёл. І ў гэтым развіцці таксама было тое, што новы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч – першы біскуп на Беларусі – ён паклікаў да існавання духоўную семінарыю ў Гародні. Гэтую кузню новых святароў, гэтую школу Езуса Хрыста, дзе яны рыхтуюцца да таго, каб пайсці абвяшчаць Евангелле.

Моцную маральную і малітоўную падтрымку аказваў Святы Пантыфік беларускаму народу. Багата хто з беларускіх пілігрымаў меў магчымасць аўдыенцыі са Святым Айцом, балазе, ён быў частым вандроўнікам – адведваў вернікаў з візітамі па ўсім свеце, куды маглі даехаць Беларусы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: Derrick Ceyrac/AFP/Getty Images