БНФ не будзе браць удзел у абмеркаванні канстытуцыйнай рэформы



У апошнія дні кіраўніцтва Партыі БНФ і тэрытарыяльныя структуры партыі атрымалі шэраг запрашэнняў да ўдзелу у абмеркаванні магчымай канстытуцыйнай рэформы і ўдасканалення розных галінаў заканадаўства.

Ініцыятарамі гэтых запрашэнняў выступаюць дзяржаўныя органы альбо ўнівэрсітэты, іншыя дзяржаўныя арганізацыі. Заклік накіроўваць прапановы па зменах у Канстытуцыю агучаны таксама і Палатай прадстаўнікоў.

Партыя БНФ выступае за мірны шлях вырашэння вострага грамадска-палітычнага крызісу, у якім цяпер апынулася краіна. Прычына крызысу палягае ў злачынных дзеянннях цяперашняй улады і ў кампаніі дэманстратыўнага гвалту і неабмежаваных рэпрэсіяў, якая скіраваная на застрашэнне людзей і таму мае тэрарыстычны характар. Партыя не бачыць іншага шляху ўрэгулявання крызіснай сытуацыі апроч дыялогу паміж бакамі канфлікту.

Але ж сапраўды эфектыўны дыялог магчымы толькі пры ўмове спыненя гвалтоўных акцыяў застрашэння і пры ўмове яснай дэманстрацыі палітычнай волі да ўрэгулявання канфлікту.

Гучна абвешчанае ўладамі стварэнне “дыялогавых пляцовак” для абмеркавання зменаў у Канстытуцыю суправаджаецца далейшай эскалацыяй гвалту, што не дае падставаў лічыць гэтыя пляцоўкі  нечым большым за фікцыю ды імітацыю дыялогу.

Грамадзкі дыялог жыццёва неабходны Беларусі. Фіктыўны дыялог ёсць небяспечны і шкодны, ён пагражае далейшым паглыбленнем крызысу, што нясе небяспеку для самога існавання беларускай дзяржавы.

У сувязі з выкладзеным на адрас азначаных дыялогавых пляцовак і Палаты прадстаўнікоў было адпраўленае паведамленне пра тое, што ў цяперашніх умовах Партыя БНФ не бачыць магчымасці весьці абстрактнае абмеркаванне прававой рэформы ў прапанаваным фармаце. У гэтым адказе падкрэслена, што Партыя БНФ мае ўласную праграму, у якой выкладзенае бачанне канстытуцыйнай пабудовы краіны, узаемадзеяння дзяржавы, грамадства і асобы ў беларускай нацыянальнай дзяржаве.

Абмеркаванне азначаных палажэнняў праграмы і шляхоў іх увасаблення магчымае падчас грамадскай дыскусіі, але толькі тады, калі будуць рэалізаваныя прапанаваныя Партыяй БНФ 10 крокаў дзеля выхаду з крызысу і пачатку агульнанацыянальнага дыялогу (зацверджаныя рашэннем кастрычніцкага Сойму Партыі БНФ).