Ціханоўская сустрэлася з міністрамі замежных спраў краін Балтыі



„Народны ўльтыматум”, санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, перанос з Беларусі чэмпіянату свету па хакеі 2021 года абмеркаваны на сустрэчы Святланы Ціханоўскай з міністрамі замежных спраў Латвіі, Літвы і Эстоніі, паведаміла прэс-служба экс-кандыдата ў прэзідэнты.

„Міністры падтрымалі працяг націску на рэжым у Беларусі і адзначылі, што санкцыі з іх боку будуць узмацняцца. Святлана падзякавала прадстаўнікам Літвы, Латвіі і Эстоніі за тое, што іх краіны ўжо ўвялі свой пашыраны спіс санкцый”, — адзначаецца ў рэлізе.

На сустрэчы абмяркоўвалася пытанне пераносу або байкатавання чэмпіянату па хакеі 2021 года ў Мінску (суарганізатар — Латвія) у знак пратэсту супраць рэпрэсій у дачыненні да спартсменаў.

Таксама міністры заявілі, што чакаюць даклад АБСЕ аб катаваннях у Беларусі, тады яны змогуць пачаць працу „ў кірунку пераследу ўсіх, хто быў датычны да гвалту”.

Ціханоўская падзякавала міністру замежных спраў Літвы Лінасу Лінкявічусу за тое, што аказаў ёй цёплы прыём; міністру замежных спраў Латвіі Эдгарсу Рынкевічсу — за актыўны ўдзел у прыняцці санкцый супраць Лукашэнкі; міністру замежных спраў Эстоніі Урмасу Рэйнсалу — за тое, што ён склікаў нараду Савета бяспекі ААН (на нефармальным — па „формуле Арыі” — пасяджэнні 4 верасня там абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі).

belapan.by