„Газпром” не лічыць урэгуляванай сітуацыю з аплатай газу Беларуссю
ААТ „Газпром трансгаз Беларусь” паведаміла аб атрыманні ад газазабеспячальных арганізацый „Белпалівагаз” і „Нафтан” грашовых сродкаў у памеры, „роўным сумам запазычанасці за пастаўкі прыроднага газу ў красавіку—верасні 2020 года (ДВА „Белпалівагаз”) і ў маі—верасні 2020 года (ААТ „Нафтан”)”, але не лічыць сітуацыю ўрэгуляванай.
„У парушэнне дамоў на пастаўку прыроднага газу акты пастаўкі-прыёмкі прыроднага газу і акты зверкі разлікаў за люты—верасень 2020 года газазабеспячальнымі арганізацыямі ДВА „Белпалівагаз” не падпісаныя, акты здачы-прыёмкі прыроднага газу за сакавік—верасень і акты зверкі разлікаў за люты—верасень 2020 года ААТ „Нафтан” не падпісаныя, у плацежных дакументах аплачваны перыяд не пазначаны, пеня за несвоечасовую аплату газу не аплачаная”, — гаворыцца ў паведамленні даччынага прадпрыемства „Газпрома”.
„Газпром трансгаз Беларусь” „не лічыць сітуацыю з разлікамі за пастаўлены прыродны газ цалкам урэгуляванай да моманту падпісання вышэйзгаданых дакументаў, пісьмовага паведамлення ААТ „Газпром трансгаз Беларусь” аб зробленых плацяжах і іх прызначэнні ў адпаведнасці з заключанымі дамовамі, а таксама поўнага пагашэння пені”.
Сумы пералічаных сродкаў і памер непагашанай пені не называюцца.
Вясной 2020 года беларускія ўлады выказалі незадаволенасць умовамі пастаўкі расійскага газу, у выніку чаго паўстала спрэчка паміж дзвюма краінамі. У верасні Міністэрства энергетыкі Расіі паведаміла, што доўг Мінска за газ перавысіў 300 млн долараў.
16 кастрычніка Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР), які з’яўляецца кіраўніком сродкаў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), паведаміў аб пералічэнні Беларусі крэдыту са сродкаў фонду на 500 млн долараў ЗША.
Як паведаміла прэс-служба банка, сродкі выдзяляюцца тэрмінам да 10 гадоў з ільготным перыядам пагашэння да пяці гадоў пад плаваючую працэнтную стаўку (вызначаецца як сярэдняя даходнасць расійскіх еўрааблігацый у доларах ЗША на тэрмін сем гадоў).
„Фінансавы крэдыт са сродкаў ЕФСР накіраваны на падтрымку бюджэту Рэспублікі Беларусь ва ўмовах негатыўных наступстваў пандэміі COVID-19”, — адзначыў ЕАБР.
Міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў у верасні заявіў, што крэдыт ЕФСР дазволіць Беларусі пагасіць доўг за газ.
На вераснёўскай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паабяцаў крэдыт на 1,5 млрд долараў. З іх 500 млн вылучыў ЕФСР, у савеце якога старшынюе міністр фінансаў Расіі, 1 млрд долараў паступіць у Мінск у 2020—2021 гадах як міждзяржаўны крэдыт РФ.
Фота: sputnik.by