Менскае „Дынама” без легіянераў саступіла яраслаўскаму „Лакаматыву”
Хакеісты менскага „Дынама” саступілі яраслаўскаму „Лакаматыву” ў матчы сёмага гульнявога тыдня чэмпіянату КХЛ.
Сустрэча на „Мінск-Арэне” завяршылася на карысць падначаленыхных Андрэя Скабелкі з лікам 1:0. Упершыню ў гісторыі выступаў ў КХЛ менскі клуб выйшаў на матч без легіянераў у складзе. Акрамя таго, ростэр „зуброў” стаў самым маладым за ўсе сезоны, праведзеныя ў Лізе. Сярэдні ўзрост гульцоў, заяўленых на матч, склаў 22 гады і 237 дзён. Тым не менш каманда Крэйга Вудкрафта на фоне супернікаў, у шэрагах якіх хапала вопытных гульцоў, у тым ліку і легіянераў добрага роўню, глядзелася больш чым годна. Тым не меньш, за тры з невялікім хвіліны да канца трэцяга перыяду адзіную шайбу ў матчы закінуў гулец „Лока” Ягор Каршкоў.
Наступным супернікам менскага „Дынама” стане маскоўскі „Спартак”. Паядынак на „Мінск-Арэне” адбудзецца заўтра.
«Слуцк» вырваў перамогу ў «Менска» у матчы за выжыванне
Пасля перапынку, звязанага з матчамі зборных Беларусі, аднавіўся 30-ы чэмпіянат краіны. У першым паядынку 26-га тура футбалісты „Слуцка” на сваім полі перайгралі гасцей з „Мінска” з лікам 2:1. У сярэдзіне першай паловы гульні ўкраінскі паўабаронца гасцей Аляксандр Васільеў адправіў мяч у сваю браму, потым, на 85-й хвіліне сустрэчы, ён жа з пенальці аднавіў раўнавагу ў ліку, а яшчэ праз пяць хвілін, таксама з пенальці, хаўбек „Слуцка” Юрый Казлоў прынёс перамогу гаспадарам – 2:1 і тры важныя ачкі ў барацьбе за захаванне месца ў эліце. Да гэтага каманда прайгравала ў шасці турах запар. Яшчэ два паядынкі адбудуцца сёння: „Віцебск” прымае „Энергетык-БДУ”, а гарадзенскі „Нёман” згуляе з „Гарадзеяй”. Лідар першынства барысаўскі БАТЭ заўтра згуляе на выездзе з футбалістамі „Іслачы”.
Спыніць „чыгуначнікаў»
Сёння беластоцкая „Ягелонія” правядзе свой наступны матч польскай экстракласы. Гэта будзе хатняя гульня, у якой супернікам жоўта-чырвоных будзе познаньскі «Лех”. Гэта будзе 46-ы афіцыйны матч паміж камандамі. Баланс гэтых сустрэч пакуль больш спрыяльны для футбалістаў Познані. „Дума Падляшша” выйграла 16 гульняў, у той час як „Чыгуначнікі” – 21. Восем матчаў скончыліся ўнічыю. Суадносіны мячоў – 83:52 для „Леха”. Апошні раз абедзве каманды тройчы суcтракаліся ў мінулым сезоне. З гэтых матчаў два скончыліся нічыёй і падзелам ачкоў, а адзін – буйной паразай «Ягі» з лікам 0:4 на стадыі плэй-оф.
Беларускі велагоншчык Аляксандр Рабушэнка выступіць у „Вуэльце Іспаніі”
Беларускі велагоншчык Аляксандр Рабушэнка з UAE Team Emirates увайшоў у склад каманды на „Вуэльту Іспаніі – 2020”, паведамляе афіцыйны сайт каманды. Летась гоншчык UAE Team Emirates Тадэй Погачар выйграў тры этапы „Вуэльты Іспаніі” і заняў трэцяе месца ў генеральнай класіфікацыі шматдзёнкі, а таксама стаў уладальнікам белай майкі лепшага маладога гоншчыка спаборніцтваў.
Іспанскі Гранд-тур пройдзе з 20 кастрычніка па 8 лістапада па скарочанай праграме (18 этапаў замест 21).
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелТА