Марш маладосці і Жаночы марш у Менску



14.15. Жаночы Марш скончыўся. Пра затрыманні на маршы не паведамляецца.

Раней Марш студэнтаў разагналі ў раёне праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова. Па дадзеных праваабаронцаў, затрымана каля 30 чалавек, у асноўным студэнтаў. Вядома пра затрыманне журналістаў: Вадзіма Заміроўскага, Дарʼю Спявак (Onliner), Усевалада Улітку (БелаПАН), карэспандэнта «РИА Новости» (яго адпусцілі пасля праверкі дакументаў).

* * * 

Каля Акадэміі Навук пратэстоўцаў стала каля тысячы чалавек. Марш прайшоўся праспекам да плошчы Якуба Коласа.

Былі заўважаныя ціхары і міліцэйскія бусікі. Пратэстоўцы скандавалі „Хабараўску вітанні!”, „Далучайся!”, „Уходи”, „Свабоду палітвязням”,  „Жыве Беларусь!”, „Наш презідэнт — Света!”. На цяперашні момант затрыманняў не было. 

Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * * 

13.44. Жаночы марш працягвае рух уздоўж праспекта Незалежнасці, яго ўдзельніцы дайшлі да Акадэміі навук. 

Дэманстрантак вітаюць жыхары дамоў, выходзяць на гаўбцы з бел-чырвона-белымі сцягамі.

* * * 

У сталіцы працягваюцца масавыя затрыманні.

* * * 

13.30. Жаночы марш у Парку чалюскінцаў.

* * * 

Марш студэнтаў разагналі ў раёне праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова. Дакладная колькасць затрыманых — невядомая.

* * * 

Студэнты працягваюць рух калонай, яны скандуюць: „Саша, ты адлічаны!”

Стала вядома пра затрыманне фотакарэспандэнта Вадзіма Заміроўскага і журналісткі Дар’і Спевак.

Сілавікі затрымліваюць студэнтаў, вядома пра 10 затрыманых, у тым ліку дзяўчат.

13.07. Студэнцкую акцыю разагналі каля Палаца мастацтваў. Затрымалі некалькіх чалавек.

* * * 

Да МДЛУ пачынаюць сцягвацца студэнты. Іх каля 500 чалавек, яны пайшлі ў бок плошчы Зьмітрака Бядулі. 

Аўтазакі і ваенныя грузавікі едуць каля Дома афіцэраў.

* * *

У Менску жанчыны выйшлі на марш пратэсту. 

Да Жаночага маршу далучыліся людзі ў чорным без апазнавальных знакаў і з маскамі на тварах. Жанчыны скандуюць: „Нас не трэба ахоўваць!”

Да маршу далучылася легендарная Ніна Багінская.

У Менску каля сотні жанчын ідуць па праспекце Незалежнасці.Яны скандуюць: „Жыве Беларусь!”, „Забярыце Сашу, аддайце нашу Машу”.

Жанчын падтрымліваюць сігналамі аўтамабілісты.

На плошчы Перамогі ходзяць сілавікі. Аўтазакі і тэхніка сілавікоў едуць ад Уручча ў бок цэнтра.

* * * 

Сёння ў Беларусі пройдуць Марш маладосці і Жаночы марш. Незалежныя телеграм-каналы распавялі беларусам пра планы на пратэстную суботу.

Нашы патрабаванні ўсё тыя ж:

– Адстаўка Лукашэнкі і новыя выбары;

– Свабода ЎСІХ палітвязняў;

– Расследаванне па ўсіх актах гвалту над мірнымі грамадзянамі.

Маршы пачнуцца апоўдні.

Да „Народнага ўльтыматуму” засталося 9 дзён. Да пратэсту далучаюцца ўсе сацыяльныя групы: пенсіянеры, рабочыя, маці і людзі з інваліднасцю.

„Чым больш людзей і маршаў выйдзе на вуліцы гарадоў у адзін час, тым больш складана сілавікам будзе кантраляваць сітуацыю. Наша сіла – у мабільнасці”, – пішуць на тэлеграм-каналах.

Беларускае Радыё Рацыя