„Дынама” разграміла „Рух” ў берасцейскім дэрбі чэмпіянату Беларусі
Футбалісты берасцейскага „Дынама” разграмілі землякоў з „Руху” з лікам 5:2 у матчы 26-га тура чэмпіянату Беларусі. У самым пачатку дэрбі дынамаўцы выйшлі наперад пасля гола Сяргея Кісляка, аднак да перапынку ўжо „Рух” вырваўся ў лідары, дзякуючы дакладным ударам Алега Нікіфарэнкі і Уладзіслава Васільева. У другой палове сустрэчы чэмпіёны раззлаваліся і чатыры разы забілі дэбютантам элітнага дывізіёна. Галы забілі Сяргей Крывец, Дзяніс Лапцеў, Міхаіл Гардзяйчук і Кірыл Печэнін. Галоўныя фаварыты цяперашняга турніру ў мінулым туры не змаглі дамагчыся перамог. Лідар першынства барысаўскі БАТЭ ў Менску згуляў унічыю з „Іслаччу” – 2:2. Гарадзенскі „Нёман” нечакана прайграў на сваім полі „Гарадзеі” з лікам 0:1, а салігорскі „Шахцёр” з такім жа лікам саступіў на сваёй арэне менскаму „Дынама”.
„Вітэн” разграміў „Сталіцу” ў сёмым туры чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
Аршанскі „Вітэн” стаў адзіным лідарам чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У цэнтральным матчы сёмага тура нацыянальнага першынства дзеючыя чэмпіёны краіны ўпэўнена перайгралі ў Менску ўладальніка бронзавых медалёў „Сталіцу” з „сухім” лікам 4:0. Хет-трык у гэтым паядынку аформіў Арцём Рось, яшчэ адзін гол забіў Павел Рагавік. Гэта сёмая вікторыя „ВітЭна” у сямі стартавых матчах цяперашняга сезону.
Менскае «Дынама» прайграла маскоўскаму «Спартаку»
Менскае «Дынама» прайграла на хатняй арэне маскоўскаму «Спартаку» ў чарговым матчы Кантынентальнай хакейнай лігі – 0:3. Менчане зноў гулялі без сваіх вядучых хакеістаў. З-за траўмаў і ўспышкі каронавіруса матч прапускалі ўсе легіянеры, акрамя Брэнана Менэла. Ключавым стаў другі перыяд, калі брамніка Мікіту Талапілу засмуцілі Лукаш Радзіл і Ёры Лехтэр. Канчатковы ж лік усталяваў Лукаш Радзіл, які закінуў у пустую брамку зуброў. Наступны матч „Дынама” правядзе 21 кастрычніка ў гасцях у маскоўскіх аднаклубнікаў.
Валейбалісткі „Менчанкі” саступілі „Ліпецк” ў матчы расійскай суперлігі
Валейбалісткі „Менчанкі” саступілі „Ліпецку” ў матчы расейскай суперлігі. Паядынак завяршыўся на карысць гаспадынь пляцоўкі – 3:1.
Каманда пад кіраўніцтвам Станіслава Салікава выдатна пачала сустрэчу, не пакінуўшы суперніцам ніводнага шанцу ў першым сэце, аднак развіць перавагу беларускам не ўдалося. Суперніцы пераўзышлі менчанак у атацы на блоку і на прыёме. Лепшым гульцом сустрэчы стала нападніца „Ліпецка” Ганна Сотнікава, на рахунку якой 21 ачко. Такім чынам, „Менчанка” працягвае замыкаць турнірную табліцу суперлігі, ня маючы пакуль ніводнай перамогі.
Валейбалісты „Шахцёра” абыгралі „Заходні Буг” і выйшлі ў паўфінал Кубка Беларусі
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” абыгралі берасцейскі „Заходні Буг” і выйшлі ў паўфінал Кубка Беларусі. Матч завяршыўся на карысць падначаленых Віктара Бекшы з лікам 3:0. Супернік „Шахцёра” стане вядомы пазней. Паўфінал і вырашальны матч за Кубак Беларусі пройдуць у снежні ў Менску.
Ягор Герасімаў выйшаў у асноўную сетку тэніснага турніру ў Кёльне
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў, які мае 85-ы нумар сусветнага рэйтынгу, прабіўся ў асноўную сетку турніру ў нямецкім Кёльне з прызавым фондам 325 тысяч еўра. У вырашальным паядынку кваліфікацыі Ягор Герасімаў за паўтары гадзіны перамог прадстаўніка Аўстраліі Аляксея Папырына – 6:2, 1:6, 6:3.
Сталі вядомыя пераможцы розыгрышу Кубка Беларусі па дзюдо
Сталі вядомыя пераможцы розыгрышу Кубка Беларусі па дзюдо, які завяршыўся ў Магілёве. У спаборніцтвах, якія прайшлі пасля доўгага перапынку ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне, прымалі ўдзел 98 спартоўцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. У стартах мужчын тры перамогі адсвяткавалі сталічныя дзюдаісты Уладзіслаў Дуброўскі, Юнус Бекмурзаеў і Мікіта Свірыд. Двойчы на вышэйшую прыступку п’едэстала падымаліся атлеты з Віцебскай вобласці Дзмітрый Мужайла і Даніэль Мукетэ. Столькі ж раз святкавалі поспех прадстаўнікі каманды Магілёўскай вобласці Дзмітрый Мінько і Віктар Кляўсаў. Яшчэ адна вікторыя на рахунку Ягора Кухарэнкі, які выступаў за дружыну Гарадзенскай вобласці.
Сярод жанчын найбольшы поспех спадарожнічаў спартоўкам з Віцебскай вобласці. На іх рахунку чатыры вікторыі. Адразу дзве ўзнагароды прынесла сваёй дружыне навапалачанка Дар’я Канцавая. Яшчэ дзве перамогі на рахунку яе зямлячак Анастасіі Двараковай і Яны Макрэцкай.
Двойчы першынствавалі спартоўкі з Магілёўскай вобласці Ганна Каваленка і Анастасія Скварцова. Таксама на турніры перамагалі Ульяна Мінянкова і Марына Слуцкая.
Беларускае Радыё Рацыя