Балаба: Агнястрэльная зброя будзе ўжывацца ў выпадку нападу на сілавікоў



Амапаўцы гатовыя ўжываць агнястрэльную зброю ў выпадку нападу на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў або спроб нанесці ім удары адмысловымі прадметамі, заявіў у эфіры праграмы „Тыдзень” на тэлеканале СТВ камандзір АМАП ГУУС Менгарвыканкама Дзмітрый Балаба.

„Як супрацоўнікі міліцыі перш, чым прымяніць агнястрэльную зброю, вядома ж, мы выкарыстоўваем усе магчымыя іншыя метады. Але калі давядзецца гэта зрабіць, вядома ж, гэта будзе зроблена”, — заявіў Балаба.

Ён растлумачыў, калі супрацоўнікі АМАП будуць страляць: „У выпадку нападу на супрацоўнікаў, у выпадку, калі хтосьці будзе спрабаваць нанесці ўдары адмыслова прыстасаванымі прадметамі”. Астатнія выпадкі, паводле слоў Балабы, прапісаныя ў законе „Аб органах унутраных спраў”. „У супрацоўніка органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь сёння дастаткова шырокія паўнамоцтвы, у тым ліку па ўжыванні зброі”, — адзначыў камандзір АМАП.

Балаба заявіў, што бачыць у пратэстах выразную кіравальнасць і прыкметы „каляровай рэвалюцыі”, сцэнар якой паўтарыўся ў Бішкеку. „Пратэст пачаў радыкалізавацца. Мы маем справу з тымі ж таварышамі, з якімі мелі заўсёды, яны нікуды не падзеліся. Гэта радыкальныя анархісты, гэта тыя ж футбольныя фанаты. А яшчэ трэцяя катэгорыя — вельмі цікавая. Гэта тыя дзеці, будзем казаць, якія сёння проста ловяць на гэтым хайп”, — лічыць ён.

На думку Балабы, людзі з трэцяй катэгорыі прыходзяць на пратэсты, „спрабуюць пабегаць, учора яны сядзелі ў нейкіх камп’ютарных цацках, а сёння яны гуляюць у новую гульню „Давай уцячэм ад АМАПа”.

Пра магчымасць прымянення баявой зброі 12 кастрычніка заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч. „Ад імя МУС заяўляю: мы не сыдзем з вуліц і забяспечым парадак у краіне. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў і ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў у выпадку неабходнасці будуць прымяняць спецсродкі і баявую зброю”, — прыгразіў міліцэйскі чыноўнік.

belapan.by