Праваабаронцы: вызваленыя пад хатні арышт застаюцца палітвязнямі



З ізалятараў з 11 кастрычніка пачалі вызваляць палітычных зняволеных. Меры стрымання былі змененыя сямі палітвязням. Большасць з іх прысутнічалі на сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ 10 кастрычніка.

 

Меры стрымання з утрымання пад вартай на хатні арышт былі змененыя адвакату Іллю Салею, паліттэхнолагу Віталю Шкляраву і медыятарцы Ліліі Уласавай. На дадзены момант вызвалены з СІЗА КДБ Юрый Васкрасенскі знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах. Супрацоўнікі PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч, Юлія Шардыка і Уладзіслаў Міхалап — пад падпіскай аб нявыездзе.

Умовы хатняга арышту трох палітзняволеных суправаджаюцца шэрагам абмежаванняў: ім нельга выходзіць на вуліцу, бачыцца нават з роднымі і сябрамі, карыстацца інтэрнэтам. Праваабаронцы заяўляюць, што пры такіх умовах утрыманне палітычных зняволеных пад хатнім арыштам разглядаецца як у месцы несвабоды. Таму Ілля Салей, Віталь Шкляраў і Лілія Уласава застаюцца ў статусе палітычных зняволеных.

«Улічваючы тыя сур’ёзныя і значныя абмежаванні, якія накладае на абвінавачаных такая мера стрымання як хатні арышт, Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае разглядаць іх як палітычных зняволеных. Яны працягваюць знаходзіцца ва ўмовах строгай ізаляцыі, не маюць права пакідаць месца свайго жыхарства, абмежаваныя ў магчымасцях зносінаў з іншымі людзьмі, таму хатні арышт мы разглядаем як месца несвабоды. Паводле Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень» гэта дазваляе кваліфікаваць гэтых асобаў як палітвязняў. Па сутнасці, яны застаюцца ў закладніках», — тлумачыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

«У сувязі з гэтым мы яшчэ раз нагадваем беларускім уладам пра нашыя патрабаванні: неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць ў дачыненні да іх крымінальны пераслед. Выкананне гэтых патрабаванняў будзе азначаць менавіта вызваленне палітычных зняволеных у поўным сэнсе гэтага слова. І толькі пры выкананні гэтых умоваў можна казаць аб магчымасцях нейкага дыялога ўнутры краіны», — адзначае Стэфановіч.

Такім чынам, на гэты момант у Беларусі 94 чалавекі прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

Паводле spring96.org