Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Польшчы Маравецкім (абноўлена)



Святлана Ціханоўская знаходзіцца з працоўным візітам у Варшаве. Як паведамляе тэлеграм-канал tsikhanouskaya, падчас сустрэчы з Матэвушам Маравецкім яна перадала спіс рэкамендацый пра тое, як палепшыць працэдуру атрымання гуманітарных віз у Польшчу, а таксама атрымання права працаваць на тэрыторыі краіны.

Прэм’ер-міністр заявіў, што Польшча гатовая галасаваць за адмову ад абмежаванняў права на працу з гуманітарнымі візамі.

Святлана Ціханоўская на сустрэчы распавяла пра свайго прадстаўніка па эканоміцы Алеся Аляхновіча і папрасіла арганізаваць з ім сустрэчу, каб абмеркаваць пакет эканамічных рэформаў для дэмакратычнай Беларусі.

На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні рэабілітацыі беларусаў, якія атрымалі цяжкія траўмы падчас пратэстаў, а таксама стыпендыяльныя праграмы для спартоўцаў, каб яны маглі працягваць трэніравацца ў Польшчы.

Матэвуш Маравецкі выказаў салідарнасць з беларускім народам і пратэстоўцамі. Святлана Ціханоўская ў адказ выказала падзяку за падтрымку студэнцкіх праграм, незалежных СМІ, блогераў і ўсяго народа Беларусі.

* * * 

Экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Польшчы Кшыштафам Шчэрскім вылучаны ёю ўльтыматум беларускім уладам і план па выхадзе Беларусі з крызісу.

Як паведамляецца ў тэлеграм-канале Ціханоўскай, размова таксама ішла аб „спрашчэнні візавых і міграцыйных працэдур для беларусаў, якія перасякаюць мяжу з Польшчай, і падтрымцы рэпрэсаваных беларускіх спартсменаў”. Раней Ціханоўская абмеркавала пытанні дапамогі беларусам, якія вымушана пакінулі радзіму, з мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім.

Таксама Святлана Ціханоўскі выступіла  на адкрыцці навучальнага года ў Каледжы Еўропы, паведамляе тэлеграм-канал tsikhanouskaya. Гэта ўніверсітэт, які рыхтуе дыпламатаў і чыноўнікаў. Падчас прагулкі па тэрыторыі Каледжа Святлану сустрэла некалькі дзясяткаў студэнтаў з бел-чырвона-белымі сцягамі і пад песню «Перемен» Цоя.

У праграме візіту Ціханоўскай у Польшчу запланаваная таксама сустрэча з прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім. Таксама плануецца сустрэча з „прадстаўнікамі сілавых структур, якія адмовіліся выконваць злачынныя загады рэжыму і былі вымушаныя выехаць з Беларусі”. Мерапрыемства пройдзе ў Цэнтры беларускай салідарнасці.

Фота: tsikhanouskaya

* * * 

Ціханоўская сёння здзяйсняе працоўны візіт у Варшаву, і ўжо сустрэлася з мэрам апольскай сталіцы Рафалам Тшаскоўскім. На сустрэчы яна ўзняла пытанне садзейнічання беларусам, якія вымушана пакінулі сваю Радзіму і не могуць працаваць у Польшчы. Рафал Тшаскоўскі адказаў, што прадстаўнік мэрыі зробіць заяву сёння на сустрэчы са Святланай у Цэнтры беларускай салідарнасці.

Тшаскоўскі адзначыў, што існуе магчымасць стварэння спецыяльных праграм для беларускіх студэнтаў. Святлана зрабіла акцэнт, што важна, каб беларусы пасля навучання вярталіся ў сваю краіну — бо ўсім вымушана выехаўшым беларусам зараз больш за ўсё хочацца вярнуцца дадому.

Тшаскоўскі таксама падтрымаў ідэю, каб польскія мэры сустрэліся з лідарамі беларускага народнага самакіравання – так як гэта дапамагло б пераняць іх вопыт. Падобная праграма была праведзена некалькі гадоў таму з лідарамі самакіравання ва Украіне.

Святлана Ціханоўская ўзняла пытанне падтрымкі спартоўцаў, якія праз палітычныя погляды былі звольненыя і страцілі магчымасць трэніравацца і рыхтавацца да спаборніцтваў. Акрамя таго, яна выказала падзяку за падтрымку беларусаў з боку польскага ўрада, дыяспар, а таксама Цэнтра беларускай салідарнасці і Беларускага дома.

novychas.by