Язэп Янушкевіч: Тое, што адбылося зараз з беларускім народам – гэта нацыянальная рэвалюцыя
Ідучы на гэтае інтэрв’ю падчас суботніх хваляванняў у Менску, нашая карэспандэнтка ледзь не трапіла ў рукі сілавікоў. Збягаючы ад атакі людзей у чорным, Вольга Сямашка разам з іншымі схавалася ў касцёле на Залатой Горцы. Ратаваліся ў касцёлах самі і захоўвалі там жа зброю паўстанцы Каліноўскага. Тым больш знакавай атрымалася гутарка, запісаная ў суседнім Палацы мастацтваў, дзе ішоў фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova.
Пра тое, наколькі сучасныя падзеі нагадваюць паўстанне 1863 года, Вольга пагутарыла з удзельнікам фэсту – аўтарам кніг пра інсургентаў. Вітаем шаноўных слухачоў! Ля мікрафона Вольга Сямашка і наш сённяшні „Госць Рацыі”, пісьменнік і даследчык Язэп Янушкевіч:
РР: Наколькі людзям зараз патрэбная такая гістарычная літаратура?
– Ведаеце, вы нават сама сталі сведкай, калі маладзён набыў „Партрэты паўстаньня”, прызнаўся, што лекар і працуе ў медыцынскім музеі. Запытаў у мяне: „Ці былі лекары ўдзельнікамі паўстання?”. На што я адкрыў яму адпаведную старонку з партрэтамі Пятра Чакатоўскага. Скажам гэта прозвішча мала каму што гаворыць, але менавіта ён быў кіраўніком менскай паўстанцкай арганізацыі, пра якую мы ў адрозненні, скажам ад варшаўскай, нават віленскай, якія былі выяўлены на допытах, то менская не была выкрыта. Чакатоўскага саслалі, а пасля яго зноў стаў кіраўніком менскай паўстанцкай арганізацыі Багуслаў Семірацкі, які таксама быў лекар. Ён быў схоплены амаль што, як цяпер, падчас дапамогі. Прысуд быў адносна лёгкі, бо як бы гуманна, але ён тлумачыў гэта клятвай Гіпакрата, што ён павінен дапамагаць параненым. Яго проста саслалі, а пасля выявілася, відаць з даносу, што ён не проста лекар, але і кіраўнік. Тады на загад Мураўёва сказалі выклікаць яго, з Ніжагародскай губерні, сюды на дазнанне. Сучаснікі пісалі, што па дарозе, на этапе з Расеі сюды ў Вільню, баючыся новых катаванняў, Багуслаў Семірадзкі проста атруціўся, скончыў жыццё самагубствам. Таму моладзь разумее, што жыццё, якое б кароткае яно не было, лепей жыць па годных, высокіх арыенцірах. Нашыя арыенціры – гэта нашы славутыя героі, як і было ў часы паўстання 1863 года. Не дарэмна цяпер на плакатах, у нашы дні, мы можам сустрэць рэха і прачытаць згадкі „Лістоў з-пад шыбеніцы” Каліноўскага: „Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжэ ня будзе!”.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
З пісьменнікам і даследчыкам Язэпам Янушкевічам размаўляла Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя